BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пасол Беларусі ў Расеі расказаў пра дамоўленасці па газе

Аляксандр Рагожнік паведаміў, што краіны дамовіліся пра цану на газ, аднак канкрэтныя лічбы ён не агучыў.

Тэрмін дзеяння старога кантракта на пастаўку расейскага газу ў Беларусь скончыўся 31 снежня 2025 года. Яшчэ ў пачатку лістапада паведамлялася, што перамовы Менска і Масквы адносна цаны на газ знаходзяцца на завяршальнай стадыі. У канцы снежня гаварылася, што бакі дамовіліся і ўмовы паставак будуць нібыта не горшыя за ранейшыя. На сёння ў Беларусі каля 60% электраэнергіі вырабляецца з газу.

З 2023 года Беларусь купляла газ у Расеі па фіксаванай цане 128,5 даляра за тысячу кубаметраў.

“Залаты запас” Беларусі паказвае добры рост

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за мінулы год павялічыліся на 5,5 млрд даляраў і на 1 студзеня 2026 года перавысілі 14,4 млрд даляраў, паведамляе Нацыянальны банк.

Па выніках 2024 года золатавалютныя рэзервы складалі $9 млрд даляраў, у сакавіку 2025 года ўзялі планку ў $10 млрд даляраў. У траўні — 11 млрд, у снежні — 14 млрд.

Перавозчыкі пачалі зніжаць цэны на міжнародныя паездкі

Святы заканчваюцца, і цэны на білеты на міжнародныя аўтобусы зніжаюцца. Пра гэта распавялі Office Life прадстаўнікі сэрвісу па продажы білетаў “Атлас Бас”. Пра зніжэнне цэн першымі аб’явілі перавозчыкі, якія працуюць на літоўскім напрамку. Знізіліся цэны на рэйс Менск — Іўе — Вільня, які ідзе праз пункт пропуску “Беняконі” з заездам у аэрапорт Вільні, а таксама на Менск — Каўнас — аэрапорт Каўнас. У выніку білет ад Менска да Вільні абыдзецца ў 160 рублёў замест 180, а да Каўнаса можна даехаць за 210 рублёў замест 240.

Акрамя таго, у пасажыраў з Гародні стала больш магчымасцей дабрацца да Варшавы і Беластока. Пасля Новага года на пастаяннай аснове пачалі курсіраваць яшчэ два прамыя рэйсы Гародня — Варшава з заездам у Беласток. Аўтобусы едуць праз пункт пропуску “Бераставіца”, паездка ў адзін бок абыдзецца ў 130 рублёў.

Венесуэла паставіць ЗША да 50 млн барэляў нафты?

Пераходныя ўлады Венесуэлы паставяць ЗША ад 30 да 50 млн барэляў “высокаякаснай нафты, якая знаходзіцца пад санкцыямі”. Пра гэта абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social. Згодна з яго допісам, нафту з Венесуэлы будуць забіраць на судны-сховішчы і дастаўляць наўпрост да разгрузачных прычалаў у ЗША.

Нафтавыя запасы на тэрыторыі Венесуэлы з’яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце. Да 2005 года гэтая краіна была для ЗША найбуйнейшым пастаўшчыком нафты, пакуль тагачасны кіраўнік венесуэльскай дзяржавы Уга Чавэс у 2007 годзе не правёў нацыяналізацыю прамысловасці, канфіскаваўшы, у тым ліку, маёмасць амерыканскіх кампаній у краіне.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: Georgy Golovin/Shutterstock.