У Беларусі Літва працягвае купляць адзенне, мэблю, садавіну, гародніну і арэхі. Эканаміст SEB-банка Тадас Павілаўскас звярнуў увагу на істотнае павелічэнне цягам апошніх двух месяцаў паставак з Літвы ў Беларусь абсталявання для харчовай прамысловасці. “Нават да санкцый такога аб’ёму экспарту не было”, — напісаў эксперт на сваёй старонцы ў Facebook.
Літоўскае выданне delfi.lt паведаміла, што за дзевяць месяцаў года ў Беларусь з Літвы прадалі аўтамабіляў на 163,745 мільёны еўра, летась за такі ж перыяд было 83,063 мільёны. “Магчыма, частку гэтых аўтамабіляў і іншых транспартных сродкаў перамяшчаюць у Расею”, — удакладніла выданне. Акрамя таго, больш як у чатыры разы павялічыліся пастаўкі ў Беларусь прычэпаў і паўпрычэпаў.
Беларусь прадае калійныя ўгнаенні ў Іран і Індыю
Па інфармацыі сайта Махачкалінскага порта, першая партыя беларускіх калійных угнаенняў у Іран праз яго была адпраўлена яшчэ 8 лістапада, заўважыў “Белсат”. Паведамляецца, што ў сталіцу Дагестана груз быў дастаўлены чыгуначным транспартам. Чакаецца, што да канца года будзе перавалена каля 35-40 тысяч т, у 2025-м – больш за 200 тысяч т.
Па словах генеральнага дырэктара порта Джамала Аліева, у далейшым праз Махачкалу па міжнародным транспартным калідоры “Поўнач – Поўдзень” будуць ажыццяўляцца пастаўкі беларускага калію і ў Індыю.
Раней асноўнай краінай, праз чые марскія парты беларускія калійныя ўгнаенні ішлі на экспарт, была Літва. Цяпер беларускі калій знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Беларусбанк выдаў больш за 1 млрд рублёў крэдытаў на жыллё
Беларусбанк у бягучым годзе выдаў больш за 1 млрд рублёў крэдытаў на набыццё жылля. Па словах дырэктара дэпартамента крэдытавання насельніцтва банка Віктара Агеева, назіраецца прыкметны рост попыту. 99% выдадзеных крэдытаў накіраваныя на набыццё другаснага жылля.
Спецыяліст зазначае, што тэмпы крэдытавання працягваюць расці. У мінулым годзе Беларусбанк павялічыў партфель крэдытаў для фізічных асоб на 17%, а прырост за тры кварталы гэтага года склаў каля 18%. Асабліва актыўна пашыраецца спажывецкае крэдытаванне, якое апошнім часам павялічваецца на 50-70% за год.
З Беларусі ў Расею не прапусцілі паўтысячы руж
Рассельгаснагляд не прапусціў 650 руж, якія ехалі з тэрыторыі Беларусі ў Смаленск. Інспектары мясцовага ўпраўлення Рассельгаснагляду выявілі ў двух партыях свежазрэзаных кветак каранцінных шкоднікаў — заходні кветкавы трыпс.
Гэтыя ружы выраслі не ў самой Беларусі, а ў Кеніі і Эквадоры. Рассельгаснагляд забараніў завозіць іх на тэрыторыю Расеі, каб не дапусціць распаўсюджвання шкодніка.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.