BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Калаўр, кіраўнік Нацбанка, адпраўлены ў адстаўку

Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку Паўла Калаўра, які кіраваў Нацбанкам 10 гадоў. Пры ім запаволілася інфляцыя. Калавур 27 снежня 2014 года змяніў на пасадзе старшыні праўлення Нацбанка РБ Надзею Ермакову, пры якой была дэвальвацыя і ў краіне ўвялі збор на куплю валюты.

Павал Калаўр нарадзіўся ў Столінскім раёне Берасцейскай вобласці. Скончыў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у аддзяленнях Дзяржбанка СССР эканамістам, намеснікам кіраўніка і кіраўніком. З 1993 і да 2010 года працаваў у кіраўніцтва Нацбанка. У 2010–2014 гадах быў старшынём праўлення банка «БелЗЭБ».

Агучана прычына падзення беларускага экспарту

Асноўнай прычынай зніжэння беларускага экспарту на 11,5% ў студзені ў гадавым вымярэнні стала скарачэнне экспарту ў краіны па-за Садружнасцю Незалежных Дзяржаў на 21,3%, вынікае са штотыднёвага макраагляду Еўразійскага банка развіцця. Пры гэтым экспарт у краіны СНД — “ключавы рынак збыту” — зменшыўся на 6,2% у гадавым вылічэнні “праз рост канкурэнцыі і зніжэнне попыту на фоне высокіх працэнтных ставак у Расеі”.

Профільная міжведамасная рабочая група па выніках пасяджэння, якое прайшло ў канцы студзеня пад старшынствам амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка, канстатавала “крытычна нізкі ўзровень” чаканых у 2025 годзе “паказчыкаў экспарту ў Расейскую Федэрацыю”. Калі чаканне апраўдаецца, а тэмпы зніжэння экспарту ў краіны па-за СНД захаваюцца на высокім узроўні, агульнае падзенне беларускага экспарту сёлета можа стаць істотным, піша «Наша Ніва».

МАРГ наехаў на «Табакеркі» Алексіна

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявіла парушэнні ў сетцы, якая гандлюе цыгарэтамі. МАРГ правёў праверкі ў «Табакерках» ва ўсіх абласцях і Менску.

Міністэрства знайшло парушэнні амаль у кожным трэцім аб’екце. Сярод іх — невыкананне пераліку тавараў, абавязковых для наяўнасці ў гандлёвым аб’екце, неўнясенні звестак у Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь, а таксама адкрытая выкладка тытунёвых вырабаў. Акрамя таго, у некаторых «Табакерках» не было аб’яў, што энергетычныя напоі нельга прадаваць непаўналетнім. Міністэрства патрабуе ад сеткі ліквідаваць парушэнні.

«Табакеркі» належаць сям’і прыбліжанага да Віктара Лукашэнкі бізнесмена Аляксея Алексіна.

Беларусь і Іран развіваюць супрацоўніцтва

Пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне паветранага транспарту — пасажырскіх і грузавых авіяперавозак — абмеркавалі на перамовах у Менску намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Дубіна і намеснік міністра дарог і гарадскога развіцця, прэзідэнт упраўлення грамадзянскай авіяцыі Ірана Хасейн Пурфарзане.

Па выніках перамоў падпісаны пратакол намераў. Бакі дамовіліся “правесці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для падпісання пагаднення аб лётнай прыдатнасці”. Раней, у студзені, Сяргей Дубіна заявіў пра зацікаўленасць наладзіць прамыя авіязносіны паміж Менскам і Тэгеранам сіламі іранскіх авіяперавозчыкаў.

Усё больш жанчын на кіраўнічых пасадах у польскіх фірмах

Колькасць жанчын сярод генеральных дырэктараў павялічыдася больш як на 3% і дасягнула  25%, а доля жанчын сярод членаў праўлення павялічылася на 5% да 32,6%. Мінулы год прынёс значнае павелічэнне гендарнага балансу ў польскіх фірмах, — піша выданне Rzeczpospolita.

У той час як буйным замежных кампаніям, якія каціруюцца на біржы, яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, каб выканаць патрабаванні дырэктывы Еўразвязу Women on Boards, Польшча ўжо можам пахваліцца амаль адной трацінай жанчын у праўленнях кампаній, — піша газета.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: probusiness.io (Павал Калавур).