Кітай выдзеліць Беларусі тэхніка-эканамічную дапамогу на 300 мільёнаў юаняў. Гэтыя сродкі плануецца накіраваць на рэалізацыю праектаў, узгодненых паміж бакамі.

У дакуменце падкрэсліваецца, што гаворка ідзе ў тым ліку пра невялікія сацыяльна арыентаваныя праекты з абмежаваным фінансаваннем і кароткімі тэрмінамі выканання. Канкрэтныя напрамкі выкарыстання грошай будуць вызначацца ў асобных дадатковых дамовах. Паводле актуальнага курсу, 300 мільёнаў кітайскіх юаняў эквівалентныя прыкладна 43 мільёнам даляраў ЗША.
Гэта не першы выпадак, калі Пекін аказвае такую дапамогу Менску. Аналагічнае пагадненне было заключана ў жніўні 2024 года.
Запраўкі для Еўропы – у абыход законаў?
Кампанія VDS ставіць запраўкі “Беларуснафта” і робіць “пад ключ” запраўкі ў Еўропе і ўсім свеце. Пры гэтым яна супрацоўнічае з падсанкцыйнымі фірмамі ў Беларусі і Расеі, падтрымлівае акупацыйны рэжым на Данбасе і спансіруе “рускі мір”, паведамляюць расследвальнікі “Бюро”.
Сярод кліентаў VDS ёсць нафтавыя кампаніі з ЗША, Вялікабрытаніі, Індыі і Грузіі. Выручка адной толькі кампаніі з групы VDS за 2024 год перавысіла 40 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак склаў амаль 825 тысяч долараў.
Стварылі яе і валодаюць тры беларусы: Аляксандр Арцюховіч, Пётр Рабіцкі і Аляксей Шышко.
Мінфін плануе размясціць дзяржаблігацыі на 70 млн долараў
Міністэрства фінансаў Беларусі абвясціла пра размяшчэнне з 28 студзеня ў аддзяленнях “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка” дзяржаўных аблігацый 9-га і 10-га выпускаў. Аб’ём кожнага выпуску складзе 35 млн долараў. Стаўка працэнтнага даходу — 2,7% гадавых. Тэрмін абарачэння аблігацый — 2 гады. Дата пачатку пагашэння аблігацый — 28 студзеня 2028 года.
Каштоўныя паперы могуць набыць фізічныя асобы — як грамадзяне Беларусі, так і іншаземцы.
Пагадненне ЕЗ з «Меркасур» карыснае для польскага экспарту
Гандлёвае пагадненне паміж Еўразвязам і краінамі Паўднёвай Амерыкі, якія ўваходзяць у аб’яднанне “Меркасур”, не павінна ўяўляць пагрозы для польскіх вытворцаў яблыкаў, наадварот, падпісанне дакумента можа адкрыць новыя магчымасці экспарту польскіх яблыкаў, асабліва на вялікі бразільскі рынак.
Краіны «Меркасур», у тым ліку Бразілія і Аргенціна, самыя буйныя вытворцы яблык у Паўднёвай Амерыцы, не ўяўляюць пагрозы для польскіх садаводаў, запэўніваюць эксперты. Вытворчасць гэтых краін недастатковая для экспарту за межы кантынента.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






