Пенсіянеры, якія працягваюць працаваць у Беларусі, змогуць атрымліваць поўную пенсію — пасля таго, як будзе падпісаны адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Дакумент абмяркоўвалі 15 кастрычніка ў яго на сустрэчы. Пра гэта піша БЕЛТА са спасылкай на старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько.
“Чакаем выхаду ўказа, які цалкам здыме абмежаванні, якія тычацца пенсіі. То-бок работнік, калі наймальнік яго захоўвае на працоўным месцы, будзе атрымліваць 100% сваёй сумленна заробленай пенсіі і плюс 100% — заработную плату”, — расказаў Сянько.
У цяперашні час, нагадаем, пенсіянеры, якія працягваюць працаваць, губляюць частку пенсіі.
Калі будзе падпісаны ўказ, чыноўнікі не ўдакладнілі. Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнкі, дакумент яшчэ мае патрэбу ў дапрацоўцы.