Улады Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна ў Кітаі інвесціруюць 1 млрд юаняў (каля $140 млн) у будаўніцтва транспартна-лагістычнага хаба ў Казахстане. Хаб плануецца стварыць у бліжэйшыя два гады ў Алмацінскай агламерацыі. Акрамя таго паміж краінамі будуюць новую чыгунку працягласцю 272 кіламетры. Яна дазволіць павялічыць грузаабарот паміж Казахстанам і Кітаем на 20 млн. тон.

Пры гэтым Казахстан з’яўляецца важным калідорам і самым кароткім шляхам для пастаўкі тавараў з Паднябеснай у Беларусь. У Беларусь з Кітая ідзе палова грузапатоку па чыгунцы. Таксама праз Казахстан праходзіць Транскаспійскі міжнародны транспартны маршрут, які звязвае Кітай з ЕЗ у абыход Беларусі і Расеі. За два гады грузаперавозкі па гэтым канале плануецца падвоіць, да 10 млн тон за год. (Office Life)
Урад прызнаў, што заданне па экспарце ў 2024 годзе не выканана
У 2024 годзе афіцыйна была пастаўленая задача павялічыць экспарт на 7,6% да ўзроўню 2023 года, але яна не выкананая. Гэта прызнаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні ўрада, на якім падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за мінулы год.
– Гэта адзіны паказчык, па якім не дасягнутая планка задання, — сказаў Галоўчанка ў відэафрагменце, апублікаваным прэс-службай урада. Паводле яго слоў, аб’ём экспартных паставак вырас на $1 млрд 700 млн.
Як паведаміў раней міністр эканомікі Юрый Чабатар, каля 75% знешняга тавараабароту Беларусі ў мінулым годзе прыйшлося на Расею, Кітай і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, піша «Наша Ніва».
Літоўскія чыгункі прыпынілі транзіт рапсавага алею з Беларусі
Кампанія LTG Cargo, якая ўваходзіць у дзяржаўную групу Літоўскай чыгункі, спыніла транзіт праз краіну прадукцыі беларускага прадпрыемства “Аграпрадукт”, паведамляе delfi.lt.
19 лютага было апублікаванае расследаванне Беларускага расследвальніцкага цэнтра і яго партнёраў, у якім сцвярджаецца, што Расея вывозіць з акупаваных украінскіх тэрыторый насенне рапсу і прадае яго ў Беларусь, дзе з яго вырабляецца алей, які ў тым ліку экспартуецца ў краіны Еўразвязу. Паведамляецца, што LTG Cargo пачала ўнутранае расследаванне.
Паводле даных LTG Cargo, у 2024 годзе транзітам праз Літву перавезена амаль 50 тыс. тон рапсавага алею вытворчасці «Аграпрадукта». Згодна інфармацыі з адкрытых крыніц, “Аграпрадукт“ у год вырабляе каля 300 тыс. т алею, 80% якога экспартуецца.
Цэны на золата абнавілі гістарычны максімум трэці раз за месяц
Красавіцкія ф’ючарсы на золата падчас таргоў на Чыкагскай таварнай біржы падаражэлі на 1,26% – да $ 2973 за тройскую ўнцыю. Гэта новы гістарычны рэкорд, піша РБК.
Золата даражэе ўжо трэці раз за месяц. Цэны на золата растуць на фоне нявызначанасці ў дачыненні да ўплыву палітыкі новага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на эканоміку. Па словах экспертаў, ключавы фактар росту цаны на золата – попыт на гэты каштоўны метал з боку цэнтральных банкаў многіх краін. Бо яны імкнуцца дыверсіфікаваць свае золатавалютныя рэзервы і знізіць уплыў ваганняў курсаў валют. Прагназуецца, што кошт золата сёлета працягне расці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: honourocean.com






