Цягам аднаго дня было звольнена 160 супрацоўнікаў Playtika Poland. 70% з іх – беларусы, якія рэлакаваліся. Таксама былі скарачэнні і ў ізраільскім офісе, але ў асноўным яны закранулі Варшаву, піша Devby.io. Менавіта ў мясцовы цэнтр распрацоўкі перабралася значная частка супрацоўнікаў менскага офіса, афіцыйна ліквідаванага ў студзені 2025 года.

Як распавялі супрацоўнікі Playtika Poland, ім абяцаюць, прынамсі, тым, хто працаваў у Playtika напрамую, кампенсацыі. Памер кампенсацый залежыць ад стажу працы, плюс бонус ад кампаніі, плюс кампенсацыя за нявыкарыстаны адпачынак. Адзначаецца, што прынамсі да 2024 году кампанія Playtika Poland імкліва расла. У 2023 годзе яе выручка склала больш за 85 мільёнаў даляраў, а прыбытак больш за чатыры мільёны.
Завышаныя надбаўкі і «левыя» дакументы
З пачатку года парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні ўстаноўлена ў больш як 100 беларускіх суб’ектаў гаспадарання. Па дадзеных Мінгандлю, агульная сума штрафаў перавысіла 250 тысяч рублёў.
Напрыклад, у Гомельскай вобласці МАРГ выявіў, што арганізацыя «МВ-опт» прадае гародніну «баршчовага набору» і яблыкі з надбаўкай 442% пры дапушчальных заканадаўствам 30% Такім чынам арганізацыя атрымала больш за 50 тысяч рублёў выручкі, за што ёй пагражае штраф да 110 тысяч рублёў. Як удакладнілі ў ведамстве, усе парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, піша Office Life.
Данія, Нідэрланды і Швецыя маюць найлепшыя пенсійныя сістэмы
Данія, Нідэрланды і Швецыя ўзначалілі рэйтынг найлепшых пенсійных сістэм свету, прааналізаваных экспертамі адной з найбуйнейшых страхавых кампаній свету Allianz. Страхоўшчык апублікаваў новае выданне Глабальнай пенсійнай справаздачы, у якой прааналізаваў сітуацыю ў 71 краіне. У рэйтынгу ўлічваецца ўстойлівасць пенсійнай сістэмы, тэмп дэмаграфічных змен, дзяржаўны доўг, агульны ўзровень жыцця і тое, наколькі пенсійная сістэма можа забяспечваць адэкватны ўзровень жыцця ў пажылым узросце.
У выніку першыя 10 радкоў у рэйтынгу занялі наступныя краіны: Данія, Нідэрланды, Швецыя, Японія, Новая Зеландыя, Ізраіль, Аўстралія, Вялікабрытанія, Нарвегія і ЗША.
Самыя нізкія пазіцыі ў рэйтынгу займаюць пенсійныя сістэмы Лаоса, Малайзіі і Шры-Ланкі, піша выданне «Беларусы і рынак».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: nowawarszawa.pl (офіс Playtika у Варшаве)