У мінулым годзе ў беларускіх санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях адпачылі 230 тысяч расейцаў. Пры гэтым, як зазначае Белстат, у аграсядзібах пабывала 21,1 тысяча такіх іншаземцаў, што на 77,1% больш, чым у пазамінулым годзе.

На долю расейцаў прыпала больш за 91% агульнай колькасці замежных турыстаў, якія адпачылі ў беларускіх аграсядзібах, піша Office Life.
Летась у Беларусі была зарэгістравана 1 441 аграэкасядзіба. Гэта на 33 больш, чым годам раней. Колькасць гэта павялічылася ўпершыню за апошнія некалькі гадоў.
У Літве знайшлі бізнес у прадпрымальніка, звязанага з атачэннем Лукашэнкі
Артур Гранц — бізнесовец з беларускім і армянскім грамадзянствам. У Вільні ён валодае адным з самых дарагіх рэстаранаў, а ў Тракаі яму належыць раскошны гатэль. Таксама кампанія Гранца Mello Trading разам з кампаніяй “Дыпмаркет”, што належыць адміністрацыі Лукашэнкі, валодае сеткай крам Belamarket Duty Free. У гэтай сетцы налічваецца больш як 30 крамаў у Беларусі. 50,1% акцый кампаніі належаць фірме літоўскага бізнесмена.
Што праўда, з увагі на санкцыі кампанія Гранца цяпер не можа атрымліваць дывідэнты ад бізнесу ў Беларусі. А да прыкладу, у 2020 і 2018 гадах кампанія атрымлівала больш за 1,5 мільёна еўра ў год ад бізнесу на мяжы, заўважае “Еўрарадыё”.
Лукашэнка даручыў наладзіць супрацоўніцтва з Чукоткай
У Беларусі і Чукоцкай аўтаномнай акругі РФ “практычна адсутнічае ўзаемны гандаль”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расейскага рэгіёна Уладзіславам Кузняцовым. Лукашэнка даручыў “не чужому чалавеку на Чукотцы” міністру спорту Беларусі Сяргею Кавальчуку, які тры гады служыў у гэтым рэгіёне, “падрабязней вывучыць магчымыя напрамкі супрацоўніцтва”.
Неўзабаве стала вядома, што па выніках двухбаковай сустрэчы Кавальчук і Кузняцоў падпісалі пагадненне паміж урадам Беларусі і ўладамі Чукоткі пра гандлёва-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і сацыяльна-культурнае супрацоўніцтва, піша “Позірк”.
Кошт нафты вырас на фоне пагрозы хусітаў уступіць у вайну супраць Ізраіля
Кошт травеньскіх ф’ючарсаў на нафту маркі Brent перавысіў $116 за барэль пасля нападу хусітаў на Ізраіль і іх пагрозы ўступіць у вайну на баку Ірана. Да гэтага кошт паліва гэтай маркі дасягаў такога ўзроўню 19 сакавіка.
Канфлікт ЗША і Ізраіля з Іранам, які працягваецца ўжо тры тыдні, прывёў да фактычнай блакіроўкі Армузскага праліва, праз які перавозіцца пятая частка ўсёй нафты ў свеце. У выніку кошт нафты маркі Brent у сакавіку вырас на 50%, у многіх краінах падскочылі і цэны на бензін. У Еўразвязе пасля атак на энергетычныя аб’екты ў Персідскім заліве больш як на 35% падаражэў газ.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: belarus.travel.






