BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча апублікуе інструкцыі для беларусаў-бізнесоўцаў

Інструкцыі для “беларускага бізнесу і беларусаў, якія хочуць пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць” у Польшчы, а таксама інфармацыю пра варыянты падтрымкі апублікуе Міністэрства развіцця і тэхналогій гэтай краіны.

Пра гэта было заяўлена 9 студзеня ў Варшаве на сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі з профільным польскім міністрам Кшыштафам Пашыкам. Бакі абмеркавалі “пытанні падтрымкі Польшчай беларускай дэмакратычнай супольнасці, бізнесу і беларусаў, якія знайшлі прытулак у гэтай дзяржаве”. Цяпер, паведаміў Вячорка, у Польшчы зарэгістравана больш як 18 тысяч прадпрымальнікаў і кампаній з беларускімі ўладальнікамі.

Колькі беларусаў працуе ў Польшчы?

У Польшчы афіцыйна працуюць і трапляюць пад сістэму сацыяльнага страхавання больш за 135 тысяч беларусаў. Пра гэта піша MOST са спасылкай на польскія СМІ.

Агулам ва ўпраўленні сацыяльнага страхавання (ZUS) Польшчы цяпер зарэгістравана больш за 1,191 мільёна іншаземцаў. Беларусы сярод іх займаюць другое месца па колькасці. Першае месца — за ўкраінцамі: іх у Польшчы больш за 788 тысяч. Трэцяе месца займаюць грузіны — 26,9 тысячы чалавек. Пад канец 2024 года паведамлялася, што за апошнія тры гады па дазвол на жыхарства ў Польшчы звярталіся больш за 240 тысяч беларусаў. З іх 140 тысяч ужо атрымалі такое права. У параўнанні з 2019-м колькасць нашых суайчыннікаў у Польшчы павялічылася больш як пяць разоў.

Серыйную вытворчасць электрамабіляў у Беларусі так і не пачалі

Загад Аляксандра Лукашэнкі пачаць з 1 студзеня 2025-га серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў не выкананы. Пакуль гаворка ідзе пра выпуск “доследна-прамысловай партыі” з пяці электрамабіляў, паведаміў у часопісе “Эканоміка Беларусі” намеснік гендырэктара Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Бялевіч. Электрамабілі ствараюцца на базе аўтамабіля мадэлі Belgee X50.

Вопытныя ўзоры планавалася вырабіць яшчэ ў канцы 2024 года, але нешта пайшло не так. У выніку, у акрэсленыя Лукашэнкам тэрміны ўкласціся не атрымалася. Бялевіч кажа, што “працэс стварэння айчыннага электрамабіля знаходзіцца ў завяршальнай стадыі”.

За газ палякі заплацяць больш

З пачатку 2025 года вырасла плата за размеркаванне прыроднага газу ў Польшчы. Павелічэнне кошту размеркавання газу ў найбольшай ступені закране хатнія гаспадаркі, якія выкарыстоўваюць гэтую сыравіну для ацяплення. Дадаткова, у бліжэйшыя 12 месяцаў, можа адбыцца карэкціроўка кошту газу з прычыны ваганняў на сусветных рынках, лічыць аналітык Defence24 Марыюш Маршалкоўскі. Эксперт нагадаў, што павелічэнне кошту размеркавання газу складзе ў сярэднім 30 злотых у месяц. Таксама ўплыў на еўрапейскі энергетычны рынак мае прыпыненні транзіту газу праз Украіну, але ў другой палове года цана на газ можа зніжацца, дадаў эксперт.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота прэс-службы Ціханоўскай