У Еўропе павінен быць створаны спецыяльны савет па бяспецы і абароннай прамысловасці. Новы камісар з паўнамоцтвамі і бюджэтам у 100 мільярдаў еўра для ваеннай прамысловасці – заявіў міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш падчас свайго выступу на кангрэсе Impact’24 у Познані.
– Мы гатовыя выдаткаваць больш на ўзбраенне, — адзначыў палітык.
Кіраўнік Мінабароны падчас выступу адзначыў, што перад Еўразвязам стаіць некалькі выклікаў, якія важныя «асабліва ў гэты час, калі еўрапейцы вырашаць, у якім кірунку мы будзем рухацца».
У Расеі менш ахвотна купляюць беларускія аўтобусы «МАЗ»
За студзень-красавік продажы новых аўтобусаў “МАЗ” на рынку РФ знізіліся на чвэрць у гадавым вымярэнні. Так у красавіку на расейскім рынку прадалі 46 новых беларускіх аўтобусаў, і гэта на 11,5 працэнтаў менш, чым годам раней. Калі ж лічыць ад пачатку года, то за чатыры месяцы падзенне продажу перавысіла 25 працэнтаў. Прадукцыя Менскага аўтазавода ў мінулым месяцы заняла шостае месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расеі, доля на рынку – у межах двух працэнтаў.
Дзявятага красавіка на нарадзе па развіцці прамысловасці Лукашэнка прызнаў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як у цане, так і ў якасці”. Паводле звестак расейскіх СМІ, толькі ў Пецярбургу летась загарэлася не менш як дзевяць аўтобусаў беларускай вытворчасці. Адна з прычын – санкцыі, у выніку якіх некаторыя імпартныя часці давялося замяніць на айчынныя, якія саступаюць па якасці. (паводле «Позірк»)
Парк «Вялікі камень» працуе з адмоўным сальда
Колькасць зарэгістраваных рэзідэнтаў кітайска-беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень” за год павялічылася на 20% (са 100 у 2022 годзе да 120 у 2023-м), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Колькасць работнікаў пабольшала на 22,5% і перавысіла 2700 чалавек. Але… не ўсё так пазітыўна. Так калі экспарт тавараў павялічыўся на 5,6 працэнтаў, то імпарт – ажно на 43 працэнты. У выніку склалася адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі, якое яшчэ і павялічылася ў 2,5 разы: з мінус 45 мільёнаў да амаль 113 мільёнаў даляраў.
Індустрыяльны парк “Вялікі камень” — тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай 112,5 кв. км са статусам асаблівай эканамічнай зоны. Парк размешчаны за 25 км ад Менска.
Амаль 19 мільёнаў злотых для Падляшша на развіццё экспарту
Элементы для будаўніцтва лесвіц, пакрыццё дахаў, керамічнай пліткі і гібрыдныя вокны – сярод іншага такую прадукцыю будуць вырабляць падляшскія фірмы, дзякуючы фінансаванню з праграмы «Еўрапейскія фонды для Падляшша 2021-2027». Маршалкоўская ўправа пад старшынствам маршалка Лукаша Пракорыма падзяліла гэтыя грошы сярод шасці прадпрыемстваў.
– Экспарт быў моцным бокам падляшскай эканомікі, таму мы павінны прыняць меры для яго падтрымкі і павелічэння. А субсідыі з рэгіянальнай праграмы, безумоўна, дапамогуць падляшскім прадпрыемствам развіваць прадукцыю, якая будзе паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках, – лічыць маршалак ваяводства Лукаш Пракорым.
Гэта быў першы конкурс у рамках новай рэгіянальнай праграмы па нарошчванні экспарту, паведамляе прэс-служба Маршалкоўскай управы.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: www.gov.pl (міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш)