Палітык Павел Латушка сустрэўся з намеснікам міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Себасцьянам Гаеўскім.

Галоўнай тэмай сустрэчы сталі праблемы выплат пенсій грамадзянам Беларусі, якія на дадзены момант пражываюць на тэрыторыі Польшчы, дапамог на дзіця 800+, а таксама іншыя пытанні сацыяльнага забеспячэння беларусаў на тэрыторыі Польшчы, абмеркаванне якіх ініцыяваў беларускі палітык.
У прыватнасці, Себасцьян Гаеўскі патлумачыў парадак выплаты пенсій беларускім грамадзянам на тэрыторыі Польшчы, і паведаміў, што ўрад Польшчы рыхтуе змены ў заканадаўства, якія ліквідуюць прабелы, пры якіх грамадзянін Беларусі з гуманітарным відам на жыхарства, які страціў працу, не можа разлічваць на статус беспрацоўнага. Акрамя таго, Павел Латушка ініцыяваў стварэнне адзінай і даступнай для беларусаў інфармацыйнай крыніцы аб сацыяльным забеспячэнні ў Польшчы.
40 тон груш везлі з Беларусі ў Расею пад выглядам квашанай капусты
У Бранскай вобласці Расеі затрымалі грузавыя аўтамабілі, якія везлі грушы без дакументаў з Беларусі. Вадзіцелі паказалі дакументы, згодна з якімі ў машынах перавозілася квашаная капуста і падгузнікі. Але за шэрагам бочачак і каробак расейскія мытнікі знайшлі скрыні з грушамі. На садавіну вадзіцелі падаць дакументы не змаглі. Перавозчыку пагражае штраф да 300 тысяч расейскіх рублёў (3300 даляраў).
Школа па эканоміцы для старшакласнікаў
Даследніцкі цэнтр у галіне эканамічных даследаванняў BEROC адкрыў набор у анлайн-Школу па эканоміцы для старшакласнікаў. Заняткі распачнуцца 14 сакавіка. Удзел у Школе – бясплатны. Заняткі будуць адбывацца два разы на тыдзень па вечарах на платформе ZOOM.
У праграме Школы запланаваныя лекцыі, інтэрактыўныя майстар-класы па эканоміцы і бізнесе. Удзельнікі даведаюцца пра асноўныя макраэканамічныя паказчыкі, інвеставанне, фінансавую бяспеку і крыптавалюты. Арганізатары Школы плануюць асобны блок прысвяціць бізнес-ідэям, бізнес-мадэляванню і стартап-экасістэмам. Выніковыя праекты ўдзельнікаў будуць прадстаўленыя на фінальным мерапрыемстве з удзелам бізнесу. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца не пазней за 12 сакавіка. (t.me/vasminoh_adukacyja)
Бюджэтнае “здароўе” паловы краін ЕЗ пагоршылася ў 2023 годзе
Палова краін Еўразвязу адчула ў мінулым годзе пагаршэнне бюджэтнага “здароўя”: дэфіцыт у працэнтах да ВУП вырас у 10 з 27 дзяржаў супольнасці, яшчэ тры краіны скарацілі прафіцыт, а Харватыя і Швецыя пайшлі ў мінус.
Агулам бюджэтны антырэйтынг у мінулым годзе ўзначаліла Італія: дэфіцыт яе бюджэту ў працэнтах да ВУП склаў мінус 7,2%. Крыху лепшымі былі паказчыкі ў Славакіі і Венгрыі, а ўсяго ў адмоўную зону патрапілі 24 дзяржавы. Прычым трэць краін Еўрапейскага звязу жыве з бюджэтным дэфіцытам ужо як мінімум апошнія 13 гадоў.
Прафіцытам змаглі пахваліцца толькі Ірландыя, Кіпр і Данія, аднак ва ўсіх трох дзяржавах ён у працэнтах да ВУП паказаў зніжэнне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: @CabinetBelarus (Павел Латушка і Себасцьян Гаеўскі)






