Польшча гатовая ўвесці эмбарга на пастаўкі сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расеі ў аднабаковым парадку. Але пакуль чакае, што гэтае рашэнне будзе прынятае на ўзроўні Еўракамісіі. Пра гэта піша GazetaPrawna.pl са спасылкай на старшыню парламенцкага камітэта па сельскай гаспадарцы Міраслава Малішэўскага. Выданне нагадвае, што ў мінулую пятніцу ў Вільні ў фармаце Люблінскага трыкутніка адбылася сустрэча прадстаўнікоў парламенцкіх камітэтаў па сельскай гаспадарцы Літвы, Польшчы і Украіны. Прадстаўнікі трох краін узгаднілі агульную дэкларацыю – яны прапануюць забараніць экспарт і транзіт расейскіх і беларускіх прадуктаў харчавання.

У Польшчы спадзяюцца, што Брусель прыме адпаведнае рашэнне не пазней за чэрвень – да пачатку збору ўраджаю. Гэта дапамагло б скараціць лішкі пшаніцы і рапсу.
Лукашэнка прызнаў, што беларуская прадукцыя саступае расейскай
Нягледзячы на тое, што больш за 90% прадукцыі ідзе на рынак Расеі, беларускія вытворцы губляюць там пазіцыі па традыцыйных таварах, якія заўсёды карысталіся попытам за сваю якасць і надзейнасць. Пра гэта распавёў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай прамысловасці.
«Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці. Па цане яшчэ можна патлумачыць. Але чаму па якасці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18 працэнтаў. Доля нашых трактароў у расейскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,5 працэнтаў, грузавых аўтамабіляў – да 6 працэнтаў», – прывёў даныя Лукашэнка. Тыя ж пагрозлівыя тэндэнцыі, паводле яго слоў, складаюцца і на «Атланце». Аб’ёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў, яшчэ ўчора запатрабаваных, скараціліся амаль у два разы. Лукашэнка прызнаў, што сёння вельмі складана канкурыраваць па цане і з кітайскімі вытворцамі. (nashaniva.com)
У Польшчы выплачваюць 13-ую пенсію
У красавіку Фонд сацыяльнага страхавання Польшчы пачаў выплаты 13-й пенсіі. Атрымальнікамі дадатковай пенсіі стануць больш за 2 мільёны 100 тысяч чалавек, агульная сума выплат складзе амаль 3,8 мільярда злотых.
Першыя выплаты 13-й пенсіі пачаліся перад каталіцкім Вялікаднем. Наступны раўнд выплат запланаваны на 10 красавіка. «Трынаццатка» выплачваецца ў памеры самай нізкай пенсіі, якая сёлета складае 1780,96 злотых брута. Пасля выліку ўзносу на медыцынскае страхаванне максімальная сума, якую атрымаюць пенсіянеры, складзе 1620,67 злотых чыстымі. Каб атрымаць 13-ю пенсію, не трэба падаваць заяву. Выплата прызначаецца аўтаматычна асобам, якія па стане на 31 сакавіка мелі права на атрыманне пенсіі любога віду, піша money.pl.
Беларускае Радыё Рацыя






