Польская падатковая адміністрацыя пачала прыцягваць кампаніі да адказнасці за абыход санкцый Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі і Расеі.

Як піша Rzeczpospolita, сёлета мытна-падатковымі органамі пачаты 51 працэс у дачыненні да кампаній, якія не прытрымліваліся санкцый. Ужо выдалі 37 рашэнняў па гэтых працэсах, у тым ліку ў 24-х выпадках кампаніі пакараныя штрафамі. Агульная сума штрафаў цяпер складае амаль 21 мільён злотых або больш за 5 мільёнаў даляраў у эквіваленце.
Адзначаецца, што шэсць кампаній пакараныя за гандаль з Расейскай Федэрацыяй дарагімі аўтамабілямі. Сярод правераных кампаній ёсць выключна з польскім капіталам, але ёсць і тыя, якія маюць расейскі ці беларускіх капітал.
Санкцыі накладзеныя на фірмы і грамадзян з мэтай ускладніць Расеі вядзенне вайны ва Украіне. Апошні, 14 пакет санкцый, быў уведзены ў канцы чэрвеня.
Эстонія таксама не будзе пускаць аўто з беларускімі нумарамі
Міністэрства замежных спраў Эстоніі аб’явіла, што краіна ўстанавіла забарону на ўезд на сваю тэрыторыю машын, зарэгістраваных у Беларусі, якая раней была ўведзена дзвюма іншымі краінамі Балтыі. Як паведамілі ў МЗС Эстоніі, уведзеныя ў пачатку ліпеня еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўключаюць у сябе, сярод іншага, забарону на ўвоз у ЕЗ аўтамабіляў з беларускімі нумарамі.
У ведамстве адзначылі, што ў сувязі з гэтым транспартныя сродкі на беларускіх нумарах не могуць уязджаць у Эстонію праз памежныя пункты, незалежна ад прычын знаходжання іх уладальніка ці карыстальніка ў краіне ці ў Еўразвязе.
Беларусь хоча пастаўляць кубінскія медпрэпараты
Падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі на Кубу “падпісаны дакументы” аб пастаўках медыкаментаў, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на сустрэчы з прэзідэнтам гэтай дзяржавы Мігелем Дыяс-Канелем. Гаворка, паводле слоў Галоўчанкі, ідзе аб пастаўках беларускіх лекаў на Кубу і “сучасных кубінскіх прэпаратаў” у Беларусь.
“Што важна, мы хочам зрабіць Беларусь своеасаблівым хабам па прасоўванні інавацыйнай кубінскай фармацэўтычнай прадукцыі на рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза”, — сказаў прэм’ер-міністр. “Акрамя традыцыйнай цікавасці да медыцынскіх прэпаратаў беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках рому, какава-бабоў, кавы, пюрэ з садавіны і іншых пазіцый”, – дадаў Галоўчанка, паведамляе “Позірк”.
Беларусы сталі радзей адпачываць за мяжой
За пяць гадоў доля выязнога турызму ў Беларусі скарацілася ў 1,6 разу. Гэта вынікае з тэматычнага буклета Белстата. Калі ў 2019 годзе на гэты турыстычны паток прыпадала 23%, то ў 2023 – каля 14%. Аднак за пяць гадоў істотна вырас паказчык па ўнутраным турызме – з 47,5 да 66,7%.
Усяго ў мінулым годзе на адпачынак за мяжу выехалі больш за 501 тысячу беларусаў. Для параўнання: у 2019 годзе гэтая колькасць дасягала амаль 983 тысяч. Часцей за ўсё за мяжой летась па-за краінамі СНД беларусы адпачывалі ў Турцыі, Егіпце і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.






