Польшча поўнасцю спыняе імпарт н-бутану ды ізабутану з Беларусі і Расеі. Такім чынам, перакрываецца шчыліна ў санкцыях, якая заставалася пасля ўвядзення эмбарга Еўразвязу на звадкаваны нафтавы газ у канцы 2024 года.

Увядзенне поўнай забароны не павінна істотна паўплываць на рынак, мяркуе генеральны дырэктар польскай арганізацыі звадкаванага нафтавага газу Барташ Квяткоўскі. Паводле яго слоў, якія перадае Insider, пастаўкі расейскага газу ў Польшчу і так сістэматычна скарачаліся апошні год.
Каму і колькі заплацяць за пераезд у вёску?
У Беларусі працягваюць плаціць амаль 4,5 тысячы рублёў тым грамадзянам, якія пераселяцца ў сельскую мясцовасць, дзе будуць жыць і працаваць. Разлічваць на гэтыя грошы могуць тыя, хто афіцыйна зарэгістраваны ў службе занятасці як беспрацоўны, заключыў трохбаковую дамову з органам па працы, занятасці і сацабароне і наймальнікам аб перасяленні ў сувязі з пераездам на працу ў іншую мясцовасць.
Выдзеленай сумай можна распарадзіцца па ўласным жаданні. Калі пераязджае ўся сям’я, а названыя ўмовы выканалі муж і жонка, то сума падвоіцца. Фінансавую дапамогу можна атрымаць адзін раз.
Індыя і ЕЗ заключылі “мегасдзелку”
Еўразвяз і Індыя ўзгаднілі дагавор аб свабодным гандлі пасля амаль 20 гадоў перамоваў. Дэлегацыя ЕЗ на чале са старшынёй Еўракамісіі Урсуляй фон дэр Ляен прыбыла ў Нью-Дэлі і сустрэлася з індыйскім прэм’ер-міністрам Нарэндрай Модзі ў рамках двухбаковага саміту.
«Мы стварылі зону свабоднага гандлю з насельніцтвам у два мільярды чалавек, і выгаду атрымаюць абодва бакі», – адзначыла фон дэр Ляен. Яна назвала пагадненне “галоўнай гандлёвай здзелкай усіх часоў”. 96,6% тавараў, якія экспартуюцца з Еўразвязу, атрымаюць ільготы па пошлінах.
ЕЗ узяў на сябе абавязацельствы па экалагічным супрацоўніцтве і выдзеліць Індыі 500 млн еўра ў гэтых мэтах, піша “Беларусы і рынак”.
Золата каштуе ўжо $5100 за унцыю
Чарговы рэкорд – красавіцкія ф’ючарсы на золата прадаваліся па $5125—5128 за тройскую унцыю. Спотавая цана золата зноў вырасла амаль на 2,5%. Пры гэтым адзнаку $5 тысяч яна пераадолела толькі ў панядзелак раніцай.
Як лічаць эксперты, асноўная прычына росту золата — рост геапалітычнай напружанасці ў свеце. Да таго ж усе працягваюць чакаць чарговага зніжэння працэнтных ставак у ЗША. Аднак што да перспектыў, меркаванні разыходзяцца. Пры гэтым летась цана на золата вырасла на 64%, з пачатку гэтага года – амаль на 15%.
Беларускае Радыё Рацыя






