Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «МетаТрэйдынгПрам», якое займаецца пастаўкамі карбаміду. Гэта вынікае з санкцыйнага спісу Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, піша «Радыё Свабода».

Кампанія «МетаТрэйдынгПрам» пачала сваю дзейнасць у красавіку 2024 года, вынікае з яе сайта. У рэгістрацыйных звестках у якасці віду дзейнасці кампаніі быў пазначаны аптовы гандаль. Летась у жніўні яна пачала вытворчасць угнаенняў. З кастрычніка кампанія выступае экспарцёрам у Польшчу з Беларусі карбаміду прамысловага прызначэння.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы лічыць, што сапраўдны вытворца ўгнаенняў — прадпрыемства «Гродна Азот», якое з’яўляецца ключавым пастаўшчыком азотных угнаенняў у рэгіёне і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Улады працягваюць шукаць “дармаедаў”
Каля трох тыдняў таму міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні Менгарвыканкама паведаміў, што ў Менску будуць абнаўляць спісы “дармаедаў”, тых, хто атрымлівае зарплату ў канвертах, а таксама тых, хто працуе за мяжой. Па выніках праверкі Кубракоў прапануе змяніць працоўнае заканадаўства: “Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, якія дае дзяржава”.
Як піша “Наша Ніва”, цяпер шукаюць нават тых, якія з’ехалі з Беларусі яшчэ 30 гадоў таму, тэлефануюць сваякам. Прыгадаем, што беларусы, якія трапляюць у спісы незанятых, аплачваюць па поўных тарыфах некаторыя камунальныя паслугі (у выпадку, калі яны ўласнікі жылля). Розніца ў кошце вельмі адчувальная.
EPAM: Працягваем працу ў Беларусі, але ёсць рызыкі
EPAM, адна з найбуйнейшых ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, апублікавала фінансавы справаздачны дакумент за 2024 год для Камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША, піша Devby.io.
EPAM працягвае найм новых супрацоўнікаў у розных рэгіёнах. Сярод буйных цэнтраў распрацоўкі застаюцца офісы ў Польшчы, Мексіцы і Беларусі. На канец 2024 года ў беларускім офісе EPAM працавала 3 350 спецыялістаў — на 150 чалавек менш, чым у канцы 2023 года. EPAM заяўляе, што працягне працаваць ва Украіне, Беларусі і краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Між тым у кампаніі заяўляюць пра рызыкі для бізнэсу з-за рэгіянальнай нестабільнасці. Найперш гаворка ідзе пра вайну ва Украіне.
Што тычыцца актываў EPAM у Беларусі, то яны працягваюць скарачацца. На канец 2024 года яны ацэньваліся ў 45,9 мільёна даляраў. За мінулы год кошт актываў знізіўся на 4 мільёны даляраў або амаль на 10%.
Apple прадставіла новы MacBook. Што з цаной
Кампанія Apple абнавіла сваю лінейку маленькіх ноўтбукаў – MacBook Air. Навінка атрымала абноўлены працэсар, новую камеру і новы колер, гаворыцца на сайце кампаніі.
Адзін з самых папулярных ноўтбукаў у свеце зараз працуе на чыпе М4 і падтрымлівае да 32 ГБ аб’яднанай памяці замест 24. Паведамляецца, што дзякуючы новаму працэсару ноўтбук можа працаваць да 18 гадзін ад аднаго зарада акумулятара. У MacBook абнавілася і камера. Таксама ў прыладу ўсталявалі тры мікрафоны і дынамікі, якія, як паведамляецца, падтрымліваюць функцыю прасторавага гуку Spatial Audio, а таксама функцыю аб’ёмнага гучання Dolby Atmos і так далей, піша Office Life.
Папярэдне продаж навінкі пачнецца 12 сакавіка. Кошт базавага 13-цалевага MacBook Air M4 – $ 999. А кошт на 15-цалевую версію пачынаецца з $1199.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц (карбамід)





