Тое, што адбываецца на Варшаўскай фондавай біржы і іншых еўрапейскіх рынках, не адпавядае тыповай схеме паводзін інвестараў. Нарастаючы страх і напружанне на фоне канфлікту на Блізкім Усходзе відавочныя, што прыводзіць да ўсё больш актыўнага распродажу акцый і падзення ацэнак кампаній.

«На рынку няма панікі, але ёсць шмат трывогі», — прызнаюць эксперты, на якіх спасылаецца businessinsider.com.pl.
Асноўны індэкс Варшаўскай фондавай біржы ў панядзелак страціў усяго 1 працэнт. У аўторак ён упаў ужо на 4,5 працэнта. Падобныя вынікі назіраліся і на іншых буйных еўрапейскіх рынках. Нямецкая і французская фондавыя біржы ў пачатку тыдня страцілі каля 2 працэнтаў. За наступныя 24 гадзіны назіралася падзенне на 3-3,5 працэнты.
У 2025 годзе Беларусь стала галоўным пакупніком расейскага чаю
З амаль 100 мільёнаў даляраў, якія летась атрымалі расейскія экспарцёры ад продажу чаю за мяжу, 44 мільёны прыпалі на пастаўкі ў Беларусь. У параўнанні з 2024 годам аб’ём экспарту чаю з Расеі ў Беларусь у грашовым выражэнні вырас на 11%. Такім чынам, краіна ўпэўнена заняла першае месца сярод імпарцёраў расейскага чаю. На другім месцы знаходзіцца Казахстан, трэцяе месца заняў Азербайджан.
Што тычыцца структуры гэтых паставак, то ў іх пераважае чорны чай — ён складае 78% ад агульнага экспарту, піша “Наша Ніва”.
Чарговае прадпрыемства просіць дапамогі ў пошуку работнікаў
Недахоп працоўных рук на беларускіх прадпрыемствах становіцца сістэмнай з’явай. Пра гэта сведчаць дакументы прадпрыемства “Бабруйскаграмаш”, якія трапілі ў арганізацыю экс-сілавікоў BELPOL.
Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш” звярнулася ў Міністэрства прамысловасці з просьбай дапамагчы падабраць персанал на ўмовах аўтстафінгу — гэта значыць, фактычна арандаваць работнікаў у іншых структур, не прымаючы іх у штат. У дакуменце гаворыцца пра тэрміновую патрэбу ў 35 работніках на крытычна важныя пазіцыі: слесары, маляры і машыністы крана.
Раней BELPOL публікаваў дакументы МАЗа, які такім жа чынам шукае 400 чалавек на працоўныя спецыяльнасці.
Аўтамабілі прэміум-класа працягваюць пастаўляцца ў Расею абыход санкцый
Беларускія кампаніі працягваюць пастаўляць у Расею аўтамабілі прэміяльнага класа, не гледзячы на існуючыя санкцыйныя абмежаванні, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Паводле аўтараў, такія незаконныя схемы “падрываюць сэнс санкцый супраць краіны-агрэсара і могуць прывесці да новых абмежаванняў для Беларусі, эканамічныя наступствы якіх адчуюць у тым ліку звычайныя беларусы”.
Усяго ад студзеня да ліпеня 2025 года беларускія кампаніі ўвезлі ў Расею еўрапейскіх падсанкцыйных аўтамабіляў прыкладна на 1,8 млн даляраў. Колькі з іх увезлі ў абыход санкцый, расследавальнікам невядома.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: Getty Images.






