BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польскі Сейм прыняў бюджэт. Цяпер патрэбны подпіс прэзідэнта

Сейм Польшчы прыняў бюджэт на 2025 год з усімі папраўкамі Сената. Верхняя палата парламента падала іх амаль 30. Сярод прынятых паправак: павелічэнне заробкаў дзяржаўных служачых, павелічэнне выдаткаў на фінансаванне дзейнасці афіцэраў сувязі паліцыі, змены ў бюджэтах Вярхоўнага суда і Вышэйшага адміністрацыйнага суда.

Paweł Supernak / PAP (прэм’ер Польшчы Дональд Туск і міністр фінансаў Анджэй Даманьскі)

Закон аб бюджэце на 2025 год прадугледжвае, што даходы дзяржавы складуць 632,6 млрд злотых, выдаткі не перавысяць 921,6 млрд злотых, а дэфіцыт бюджэту дасягне максімум 289 млрд злотых. Рост ВУП складзе 3,9 працэнта, сярэднегадавая інфляцыя – 5 працэнтаў.

Цяпер дакумент мае трапіць да прэзідэнта Анджэя Дуды, але ёсць сумневы, што ён яго падпіша. Эксперты не выключаюць, што дакумент будзе накіраваны ў Канстытуцыйны суд.

Беларусам назвалі памер сярэдняй пенсіі ў краіне

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі назвалі сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага пенсіянера.

“На сённяшні дзень сярэдні памер пенсіі па ўзросту складае 852 рублі”, – заявіла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Алена Гомарава.

З 1 студзеня 2025 года для атрымання працоўнай пенсіі па ўзросце ў Беларусі патрабуецца не менш за 20 гадоў страхавога стажу. Раней гэты мінімальны тэрмін паступова павялічваўся на паўгода кожны год.

У Менску зачыняюцца ўсе фірмовыя крамы Columbia

У Менску бліжэйшым часам зачыняцца ўсе тры крамы Columbia, даведаўся Office Life. Закрыццё адбудзецца пасля распродажу апошняй прадукцыі.

У беларускай сталіцы да апошняга часу працавалі тры крамы гэтага брэнда — у гандлёвых цэнтрах “Скала”, “Замак” і Green City. У іх прадаваліся вопратка і аксесуары для актыўнага адпачынку амерыканскай кампаніі Columbia Sportswear Company.

Апошнім часам у Беларусі нярэдка зачыняюцца гандлёвыя сеткі, якія маюць заходняе паходжанне. Летась зачынілася сетка дзіцячага адзення “Буслік”, асноўным акцыянерам і пастаўшчыком якой была польская кампанія.

Працягваецца набор удзельнікаў у Падляшскую эканамічную місію ў Асаку

Місія адбудзецца падчас Сусветнай выставы EXPO 2025 у Японіі і арганізавана Падляшскай маршалкоўскай управай, якая пакрывае выдаткі на ўдзел прадпрымальнікаў у паездцы ў Японію.

Набор праводзіцца ў электронным выглядзе і працягваецца да 17 студзеня. Місія з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю прасоўвання дзейнасці падляшскіх кампаній на японскім рынку. Паездка прысвечана мікра-, малым і сярэднім прадпрымальнікам з Падляшскага ваяводства, якія зацікаўлены ў наладжванні міжнародных кантактаў і развіцці дзелавога супрацоўніцтва ў Японіі.

Місія запланавана на 17-23 траўня 2025 года і пройдзе ў горадзе Асака.

Беларускае Радыё Рацыя