ІТ-кампаніі Польшчы рыхтуюць зварот у Міністэрства замежных спраў з просьбай аднавіць праграму Poland.Business Harbour (PBH), якая дазваляла наймаць замежных спецыялістаў па спрошчанай працэдуры. Пра гэта сказала ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita старшыня польскай Асацыяцыі распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння (SoDA) Марцэліна Хайнацкая.
Паводле яе, прыпыненне праграмы “раптоўна, без папярэдняй дамоўленасці з ІТ-галіной” стала “хваравітым ударам” для польскіх кампаній, і цяпер асацыяцыя “заканчвае працу” над хадайніцтвам у МЗС. “Мы былі пазбаўленыя магчымасці падрыхтавацца да гэтага сцэнару”, — падкрэсліла Хайнацкая.
Паводле звестак МЗС, прадстаўленых Rzeczpospolita, усяго на канец студзеня бягучага года па праграме PBH выдалі амаль 99 тысяч віз.
Бярозаўскі мясакансервавы камбінат мае новага дырэктара
Генеральным дырэктарам ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат” прызначылі Святаслава Піва, паведаміла мясцовае выданне Bereza.by. 41-гадовы выхадзец з вёскі Глінка на Століншчыне Святаслаў Піва вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце тэхналогій і кіравання па спецыяльнасці, пасля працаваў на Глыбоцкім малочнакансервавым камбінаце і на прадпрыемстве “Белавежскія сыры”. Пазней пераключыўся з малочных на мясныя прадукты, займаў кіраўнічыя пасады.
Ранейшага гендырэктара Бярозаўскага мясакансервавага камбіната Уладзіміра Жуковіча арыштавалі за хабар.
У Беларусі забаранілі вопратку папулярнага іспанскага брэнда
У Беларусі пад забарону трапілі некалькі найменняў вопраткі папулярнага іспанскага брэнда Mango. Дзяржстандарт зняў іх з продажу.
Асноўная прэтэнзія да вопраткі — не прапускае паветра або вільгаці. Сярод жаночых вырабаў беларускія спецыялісты забракавалі нагавіцы Lille і сукенкі са скуразамяняльніка Syrah: паветрапранікальнасць тканіны ў іх у дзясяткі разоў ніжэй за норму. У дзіцячым адзенні Mango Kids небяспечнымі прызналі камбінезон, нагавіцы, легінсы, сукенку, джэмперы для дзяўчынак, а таксама джэмпер для хлопчыкаў. Прычына тая самая.
Тавары забаронена ўвозіць у Беларусь і прадаваць, пакуль вытворцы і імпарцёры не ліквідуюць знойдзеныя парушэнні.
“Луч” падрыхтаваў серыю гадзіннікаў да Дня роднай мовы.
Лімітаваная серыя гадзіннікаў ад завода “Луч” створана адмыслова да Дня роднай мовы. Калекцыя гадзіннікаў “Мова-2024” – гэта адлюстраванне мовы, культуры і гісторыі, адзначаецца ў instagram luch.official. Гадзінікі вырашылі прысвяціць складам “жы” і “шы”.
Раней Менскі гадзіннікавы завод “Луч” выпускаў лімітаваную калекцыю “Мова”, у якой была серыя, прысвечаная “Янку Купалу”, калекцыю “Кропкі часу”, прысвечаную дыялектам беларускай мовы, таксама адну з калекцый гадзіннікаў завод прысвяціў беларускім пісьменнікам – Янку Брылю, Максіму Танку, Петрусю Броўку.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: МЗС Польшчы.