У красавіку 31% экспарту яблыкаў з Польшчы за межы Еўразвязу прыпаў на Беларусь, паведамляе польскае выданне Sad24. На беларускі рынак паставілі амаль дзевяць тысяч тон яблыкаў.

Для параўнання: у сакавіку было паўтары тысячы тон. Адзначаецца, што ў пастаўках польскіх яблыкаў за межы ЕЗ беларускі напрамак з’яўляецца лідарам. Далей ідуць Казахстан, Егіпет, Індыя, Манголія.
Як адзначае «Позірк», у сярэдзіне красавіка ў Беларусі скончыўся трохмесячны тэрмін дзеяння патрабавання, згодна з якім для вывазу шэрагу тавараў, у тым ліку яблыкаў, трэба было атрымліваць ліцэнзію. Такім чынам, з другой паловы мінулага месяца беларускія суб’екты гаспадарання мелі магчымасць свабодна рээкспартаваць польскія яблыкі. У першым квартале яблыкі ў Беларусі былі ў лідарах па росце цэн, які склаў амаль 26%.
Робіце пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах? Вамі зацікавяцца
Банкі і некаторыя іншыя арганізацыі цяпер павінны перадаваць падатковым органам даныя пра пакупкі беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах. Гэта вынікае з пастановы Міністэрства па падатках і зборах Беларусі.
Гэтае ж патрабаванне распаўсюджваецца на працэсінгавыя цэнтры, аператараў і ўладальнікаў плацежных сістэм, якія павінны паведамляць звесткі, заснаваныя на выкарыстанні банкаўскіх картак. У форме справаздачнасці неабходна пазначаць, між іншым, колькасць праведзеных плацяжоў, іх агульную суму і валюту. У той жа час аператары электрасувязі і інтэрнэт-правайдары павінны падаваць звесткі пра аказанне электронных паслуг, а таксама пра дыстанцыйны продаж тавараў замежнымі кампаніямі, ІП або іншымі замежнымі падаткаплацельшчыкамі.
Сярод пакістанскіх праграмістаў рэкламуюць працу ў Беларусі
Пакістанскіх айцішнікаў на некаторых сайтах заклікаюць ехаць на працу ў Беларусь. Ім абяцаюць высокія заробкі. «Беларусь — прыгожая краіна ў Еўропе — цяпер стала новай магчымасцю для кваліфікаваных і некваліфікаваных пакістанскіх рабочых. Урад Пакістана плануе адпраўку падрыхтаваных работнікаў у Беларусь для працы па розных напрамках, дзе прапануюцца добрыя заробкі і выдатныя ўмовы», — так гучыць рэклама на адным з пакістанскіх сайтаў.
Пры гэтым дырэктар аднаго з першых каворкінгаў у Пакістане Джафангір Афзал у каментары devby адзначыў, што ІТ-спецыялісты выбіраюць для эміграцыі іншыя напрамкі — ЗША, Канаду, Вялікабрытанію і Аўстралію. Пасля нядаўніх эканамічных і глабальных змяненняў вырасла цікавасць да Саудаўскай Аравіі і ААЭ. Беларусь, на яго думку, не прыярытэтны выбар, але можа разглядацца як патэнцыйны кірунак пры наяўнасці важкіх стымулаў.
У Польшчы не хапае працоўных рук
Галоўнай праблемай на польскім рынку працы з’яўляецца не беспрацоўе, а недахоп працоўных рук. Галоўны эканаміст Канфедэрацыі працадаўцаў Lewiatan Марыюш Зялёнка ў эфіры Польскага радыё заявіў, што па ўзроўні беспрацоўя Польшча знаходзіцца ў лідарах Еўропы. Ён адзначыў, што праблема палягае на пошуку дастатковай колькасці кваліфікаваных рабочых:
— Ужо доўгі час, мінімум дзесяць гадоў мы ідэнтыфікуем найважнейшыя праблемы, напрыклад, старэнне польскага грамадства, і няма цяпер ніякага ўяўлення ні ў гэтага ўрада, ні ў папярэдніх, што ў хуткім часе можа дапамагчы працадаўцам і эканоміцы запоўніць недахоп рук і недахоп кіруючых кадраў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц