Як паведамляе polskieradio.pl, у аперацыі па спыненні злачыннай дзейнасці прынялі ўдзел супрацоўнікі марскога падраздзялення Памежнай варты і Нацыянальнай мытна-падатковай службы.

Група, якая складалася з трох грамадзян Польшчы і двух Расеі (іх узрост – ад 43 да 64 гадоў) у абыход санкцый ЕЗ гандлявала атрыманымі ад расейскіх і беларускіх кампаній фанерай і піламатэрыялы. Фігурантам справы пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 30 гадоў. У пракуратуры падкрэсліваюць, што расследаванне працягваецца і не выключана прад’яўленне абвінавачанняў іншым асобам.
Урад Эстоніі плануе новае абмежаванне для беларусаў і расейцаў
Урад Эстоніі плануе забараніць грамадзянам Беларусі і Расеі без пастаяннага віду на жыхарства набываць нерухомасць у Эстоніі. Уладальнікі сталага ВНЖ пад гэтыя абмежаванні не падпадуць. Міністэрства ўнутраных спраў Эстоніі ў тэрміновым парадку падрыхтуе папраўкі да закона. Міністр унутраных спраў Ігар Таро заявіў, што «набыццё нерухомасці грамадзянамі Расеі і Беларусі з невядомым мінулым, якія апынуліся ў Эстоніі ненадоўга ці нядаўна, на фоне агрэсіі Крамля і яго сатэлітаў, якая працягваецца, уяўляе пагрозу бяспецы».
Па стане на 9 студзеня ў Эстоніі пражываюць 1476 грамадзян Беларусі з часовым відам на жыхарства і 1190 грамадзян Беларусі – з пастаянным, піша “Люстэрка”.
Буйная прыватная сетка АЗС у Беларусі можа стаць амерыканскай
Найбуйнейшая прыватная сетка аўтазаправачных станцый у Беларусі можа перайсці пад кантроль амерыканскага капіталу. Кампанія «Лукойл», якая трапіла пад санкцыі ЗША, плануе прадаць свой замежны бізнес інвестыцыйнаму фонду Carlyle, піша выданне «Беларусы і рынак».
У выніку здзелкі Carlyle можа атрымаць доступ да нафта– і газаздабыўчых праектаў «Лукойла» ў дзесяці краінах ды іншых актываў, у тым ліку сеткі АЗС. У гэты спіс уваходзяць і беларускія актывы: даччыная кампанія «Лукойл-Беларусь», якая кіруе больш як 80 аўтазапраўкамі, нафтабазамі і газанапаўняльнымі станцыямі, а таксама доляй у заводзе «ЭддзіТэк» у Наваполацку, што выпускае прысадкі для паліва. (НН)
Вытворчасць каньяку ў крызісе
Пасля гадоў імклівага росту каньячная індустрыя сутыкнулася з рэзкім абвалам попыту, выкліканым як гандлёвымі войнамі, так і зменамі клімату. Вытворцы скарачаюць персанал, выкарчоўваюць вінаграднікі і рыхтуюцца да балючай карэкцыі рынку. Як піша Bloomberg, нават дом Hennessy абвясціў пра замарозку найму новых работнікаў.
Летась пастаўкі напою скараціліся да 141 мільёна бутэлек — гэта самы нізкі паказчык з 2009 года. Эксперты прагназуюць, што спажыванне будзе змяншацца прыкладна на 2% штогод да 2029 года. Асноўны ўдар па галіне нанесла адначасовая страта або значнае пагаршэнне ўмоў на трох ключавых рынках: у Кітаі, ЗША і Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: savokusic.com.






