BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Парты Еўропы адганяюць падазронае судна з расейскай салетрай

Ужо некалькі дзён у Паўночным моры дрэйфуе пашкоджаны сухагруз Ruby пад сцягам Мальты, на борце якога знаходзіцца 20 тыс. тон аміячнай салетры, піша нямецкі Bild.

Сухагруз Ruby з расійскай салетрай. Фота: Bild

Менавіта гэтае рэчыва ўзарвалася ў порце Бейрута ў 2020 годзе. Тады ў выніку выбуху 2750 тон аміячнай салетры загінула 218 чалавек.

“20 тыс. тон аміячнай салетры эквівалентныя 16 тыс. тон трацілу, што ў цэлым супастаўна з атамнай бомбай, скінутай на Хірасіму”, – пракаментаваў выданню Newsweek Роланд Элфард, дырэктар кампаніі Alford Technologies, якая працуе з выбуховымі рэчывамі.

Ruby загрузіў салетру ў канцы жніўня ў Кандалакшы (Мурманская вобласць), ішоў у Лас-Пальмас на Канарскіх выспах і прышвартаваўся ў нарвежскім порце Трамсё 3 верасня, схаваўшыся ад шторму. Судна атрымала пашкоджанні вінта, корпуса і руля.

На наступны дзень, 4 верасня, яму было загадана пакінуць порт з-за выбуханебяспечнага характару грузу. Паліцыя Трамсё заявіла, што “непажадана”, каб судна праходзіла рамонт ля горада.

Тады месцам правядзення рамонта выбралі Клайпеду ў Літве. Але і літоўскія ўлады адмовіліся прымаць заяўку.

Шведскія парты Гётэборг і Удэвала паступілі падобным чынам.

Сухагруз вырашыў ісці на Мальту. Але порт Валета таксама адмовіў у заходзе, заявіўшы, што спачатку ён павінен выгрузіць салетру.