Тэма з дэфіцытам бульбы і павышанай увагай да яе настолькі захапіла мяне, што і я вырашыў напісаць пра гэта. Дакладней, пастараўся паглядзець на пытанне не са сталіцы, а з правінцыі, невялікага райцэнтра, вёскі.

Напачатку пастараемся разабрацца ў прычынах. Паводле статыстыкі, толькі каля чвэрці бульбы вырошчваецца на палях калгасаў, саўгасаў і буйных сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Менавіта гэтая прадукцыя назапашваецца ў прамысловых сховішчах, а потым трапляе на паліцы крамаў і гандлёвых цэнтраў. Яе ж спажываюць і бюджэтныя арганізацыі: дзіцячыя садкі, школы, лякарні, санаторыі, вайсковыя часці і падобныя.
Асноўная ж частка бульбы, да 70-80 працэнтаў, вырошчваецца ў асабістых прысядзібных гаспадарках: на агародах вяскоўцаў, на дачных сотках, на ўчастках у малых гарадах і пасёлках. Менавіта ёю харчуецца большасць насельніцтва гарадоў і вёсак, у тым ліку і Менска. І толькі калі заканчваецца ўласнавырашчаная бульба, гараджанін, каб купіць яе, накіроўваецца на кірмаш або ў краму. Прычым кірмаш стаіць на першым месцы, бо чалавек перакананы, што там прадстаўлена перш за ўсё мясцовая прадукцыя, не прывазная, а значыць – экалагічна чыстая, найбольш карысная. Аднак у бягучым годзе склалася ўнікальная сітуацыя: бульба даволі хутка скончылася як у асабістых запасах, так і на кірмашах і ў крамах, што адразу адбілася на цане.
У кожным сектары вырошчвання бульбы, прыватным і прамысловым, свае прычыны дэфіцыту. Пра прычыны ў вялікіх гаспадарках і арганізацыях выказаліся многія эксперты, пераказваць іх не бачу сэнсу. А вось працэсы і тэндэнцыі ў асабістых гаспадарках, як бачу, прааналізаваны мала, гэтым і прапаную заняцца.
У 2020 і 2021 годзе ўраджай бульбы быў сярэднім. Вяскоўцы пэўны запас заклалі для сябе, лішкі вывозілі для продажу на кірмашы. Там цана ўсталёўвалася на ўзроўні 8-10 рублёў за вядро (на кірмашах у райцэнтрах бульбу, як правіла, прадаюць і купляюць не кілаграмамі, а вёдрамі). 2022 і 2023 гады адзначыліся як надзвычай ураджайныя на бульбу. Вяскоўцы яшчэ больш лішкаў павезлі на кірмашы, і там спрацавалі рыначныя законы – пры павышэнні попыту цана няўхільна зніжаецца. Вядро бульбы каштавала 6 рублёў, часта зніжалася да 5. Вырошчваць клубні стала стратным заняткам.
Між тым падобная сітуацыя была вельмі выгаднай для пакупнікоў. Многія гараджане, а часам і пажылыя вяскоўцы казалі: “Навошта турбаваць сябе капаннем на агародзе, калі можна танна купіць усю агародніну, не толькі бульбу, ды яшчэ і з дастаўкай на дом, толькі грошы плаці!”.
Пасля двух гадоў страт многія земляробы вымушаны былі прыняць для сябе няпростае рашэнне пра скарачэнне пасадак бульбы. Сюды ж дадаліся агульныя дэмаграфічныя працэсы. Насельніцтва ў вёсках і малых гарадах, дзе, уласна, і вырошчваюцца асноўныя аб’ёмы бульбы, скарачаецца. Людзі старэюць, ім з кожным годам усё цяжэй і цяжэй працаваць на сваіх сотках. Менавіта вось тут бачацца асноўныя прычыны сёлетняга бульбянога дэфіцыту.
Дадатковымі прычынамі сталі абставіны ў буйных вытворцаў, найперш зніжэнне рэнтабельнасці ў большасці калгасаў і саўгасаў у 2023 і 2024 гадах, што прывяло да скарачэння плошчаў пад бульбу. Ну і, вядома, павышэнне попыту і цаны ў суседняй Расеі.
Што могуць зрабіць улады Беларусі, каб выправіць сітуацыю і не дапускаць праблем у далейшым? У дачыненні асабістых прысядзібных і невялікіх сялянскіх фермерскіх гаспадарак – нічога. Ну ніяк не зможа чыноўнік указаць селяніну, што і колькі вырошчваць таму ў сваім агародзе. Вясковец папросту пашле яго ў вядомым кірунку. Таму для лукашэнкаўскага рэжыму самым лепшым у гэтай сітуацыі будзе не дапамагаць, а хаця б проста не замінаць. Тут, як нідзе, актуальнай будзе фраза (якую, дарэчы, дзяржслужбоўцы вельмі не любяць) “рынак сам парашае”. Пабачаць гараджане, што другі хлеб дарагі, прыедуць вясной да бацькоў у вёску, дапамогуць ім пасадзіць бульбу, на сваіх дачах пашчыруюць. Вяскоўцы, убачыўшы рост цаны і перспектыву падзарабіць, самі павялічаць плошчы пад клубні.
Чыноўнікам жа застанецца магчымасць пакамандаваць у вялікіх гаспадарках, як іх раней называлі, калгасах-саўгасах. Аднак пра эфектыўнасць чыноўніцкага кіравання эканомікай мы разважаць не будзем, гэта ўжо зусім іншая тэма.
Рыгор Скамарох