BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра макраровень і нецэнзурныя словы

Калі ў Беларусі спыняюць рост цэн, гэта, вядома ж, робіць ніхто іншы, як саміведаецехто. Без законаў, без эканамічных мадэляў, без аналітыкаў.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц

Проста гаворыцца — “з сённяшняга дня забараняецца рост цэн”. І ўсё! Эканоміка — спыніся. Інфляцыя — на месца! Гандаль — слухай каманду! Адам Сміт са сваёй метафарай “нябачнай рукі рынка” перавярнуўся ў труне. Сцэна з апошняй нарады з эканамічным блокам на тэму інфляцыі выглядае як нешта паміж камедыяй і постмадэрнісцкай трагедыяй. Саміведаецехто проста на ўсю краіну стаў выкарыстоўваць ненарматыўныя словы. І тут узнікае гістарычная іронія. Памятаеце, як яшчэ да 2020 года беларусаў затрымлівалі “за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”? Асабліва напярэдадні нейкіх “адказных” палітычных падзей. Тады, як па загадзе, з’яўляліся “сведкі”, якія нібыта чулі, як апазіцыянер “выказаўся нецэнзурна”. Сёння ж — цэлая краіна пачула гэта сама. І што? Цішыня. Ні пратаколу, ні затрымання, ні суду. Як кажуць: сябрам — усё, ворагам — закон.

Але вернемся да эканомікі. Забараніць рост цэн указам — гэта ўжо класіка беларускага дзяржаўнага сюррэалізму. Гэта як забараніць восені прыходзіць або загадваць камарам не кусаць. Саміведаецехто не толькі забараніў рост цэн, але яшчэ і прыстрашыў пакараннем усім, хто парушыць ягонае распараджэнне. Ну, а каб жыццё мёдам не здавалася, выкарыстаў нецэнзурнае слова. Маўляў, саміведаецедачаго людзям макраровень. Так што, слухайце дзяржаўнае тэлебачанне. Там цяпер, акрамя навін і прапаганды, ёсць яшчэ і новы раздзел — “лексічнае развіццё беларускай дзяржавы”.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя