Агульна вядомы факт: гародніна і садавіна ў міжсезонне становіцца даражэйшая. Ну, яно зразумела: выдаткі на электрычнасць, падагрэў, падкормка і г.д. Аднак улады Беларусі вырашылі пайсці супраць усіх законаў логікі.
Саміведаецехто загадаў, каб цэны на гуркі на новы год знізіліся. Маўляў, зрабіце гэтых гуркоў у дастатковай колькасці. Але гуркі – гэта вам не чыноўнікі ці сілавікі. Яны па загадзе расці не будуць. І па жаданні аднаго чалавека іх таксама болей не стане. А кланіраваць у прамысловым маштабе гуркі яшчэ не навучыліся.
Перад беларускімі чыноўнікі цяпер пастаўленая задача нумар адзін: накарміць усіх узімку таннымі гуркамі. Пакуль што гэта мала атрымліваецца. Цэны на гуркі ўсё роўна выраслі. Ды да новага году наўрад ці паспеюць пабудаваць новыя цяпліцы для вырошчвання гуркоў. А нават калі б і паспелі зрабіць цяпліцы, то самі гуркі дакладна не вырастуць. Можна колькі заўгодна загадваць гуркам расці, можна пасадзіць усё насенне ў турму, але ад гэтага яны не вырастуць. Не навучыўся яшчэ чалавек кіраваць прыродай. А ўвогуле цэны на гуркі і памідоры – гэта акурат тое, чым павінен займацца кіраўнік краіны. Гэта акурат самая важная праблема ў Беларусі. Краіна практычна незалежнасць згубіла, тысячы людзей з Беларусі з’язджаюць, а саміведаецехто займаецца гуркамі.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя