У Беларусі ўлады рэкамендуюць бізнесу скараціць колькасць надпісаў на замежных мовах на шыльдах і ў назвах фірм.

Ініцыятар такога новаўвядзення, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, спасылаецца на канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады. Прыватнікам раяць абмежаваць выкарыстанне запазычаных з іншых моў словаў у рэкламе, назвах гандлёвых аб’ектаў і на транспарце. Чыноўнікі перакананыя, што такія меры пазітыўна паўплываюць на фармаванне патрыятызму, умацуюць нацыянальную свядомасць і забяспечаць культурную бяспеку…
Бывайце, шматлікія рэстараны і гатэлі, у назве якіх утрымліваецца любімае многімі слова «плаза». Цяпер гатэлі будуць, відаць, пераймяноўваць у пастаялыя двары. Бывайце, «піцэрыі» і рэстарацыі і кропкі фастфуду. Хутка вас пачнуць называць бліннымі і корчмамі. Бывайце, маркеты. Неўзабаве вы станеце рынкамі. Бывайце, шопінгі. Вас цяпер зноў пачнуць называць пакупкамі. Як той казаў, калі кату няма чаго рабіць, ён самі ведаеце што робіць. А чыноўнікам з МАРТ насамрэч няма чым займацца, гледзячы па ўсім: з палітыкай цэн яны разабраліся, правы спажыўцоў абаранілі, абарону асабістых персанальных дадзеныя таксама забяспечылі. Раз усё зроблена, то можна і пагуляцца ў моўны пурызм. Цікава, што прыкрываюцца ініцыятары гэтай меры клопатамі пра нацыянальную свядомасць і культурную бяспеку. А чым жа яшчэ? Як робяць у гэтай краіне нейкую гадасць ад імя дзяржавы, то абавязкова згадваюць пра культуру.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: business-asset.by






