BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра паўстанне аграгалактычных сіл

Такое адчуванне, што сельская гаспадарка паўстала супраць саміведаецекаго і ягонага ўраду. Спачатку забаставала бульба.

Так, тая самая, што заўжды была “другім хлебам” і каралевай беларускага стала. У нейкі момант са звыклай гародніны яна пераўтварылася проста ў прадукт-люкс. Проста не бульба, а нейкая марская каралеўская крэветка. Звычайная цёплая бульбачка знікла з паліц, нібыта ўцякла ў Еўропу. І пайшла па краіне новая традыцыя: не “смачна есці”, а “беражы бульбу”.

І вось цяпер чарга дайшла да жывёлагадоўлі. Быць можа, быдла вырашыла, што раз ужо бульбы няма, то і жыць далей няма сэнсу. Ва ўсялякім выпадку, саміведецехто прызнаўся, што падзеж быдла дасягнуў гістарычнага максімуму. Сітуацыя, відаць, такая сур’ёзная, што гэта пытанне нават абмяркоўвалі падчас пасяджэння з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Але адказаў вырашэння праблемы падчас пасяджэння так і не агучылі. Затое злыя язык кажуць, што прычына ў тым, што быдла проста кепска кормяць. І гэта ў 21 стагоддзі. Урэшце, нічога дзіўнага. У краіне, дзе барацьба з “экстрэмісцкай бульбай” ідзе рука ў руку з раздачай дыпломаў за “найлепшае забеспячэнне ідэалагічнай працы ў калгасе”, усё магчыма.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя