BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра рабочую Беларусь

Вы заўважылі, што дзяржавы, у назвах якіх зашыфраваны прыметнікі «народны» альбо «дэмакратычны», як правіла, не з’яўляюцца ані народнымі, ані дэмакратычнымі. Самы яскравы прыклад – КНДР (Карэйская Народна-Дэмкратычная Рэспубліка). Вось тут, як той казаў, поўны набор: канцлагеры, тыранія сямейкі Кімаў і падзелены народ. Зрэшты, не толькі назвы выдаюць фальшывыя намеры. Часам за гэта адказваюць галоўныя сімвалы дзяржавы: герб, сцяг і гімн. Калі на гербе «серп і молат», нічога добрага сялянам і рабочым лепей не чакаць. Калі спяваецца пра тое, што «мы – мірныя людзі», то ад такіх суседзяў адмяжоўваюцца міннымі палямі і будуюць высокія агароджы па перыметры мяжы.

Беларуская прапаганда ўвесь час вяшчае пра тое, што ў нас лепей за ўсё жыць людзям рабочых прафесій. Як можна здагадацца, высокая рыторыка рэаліям не адпавядае. Так, згодна свежаму рэйтынгу Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, Беларусь апусцілася ў дзясятку найгоршых краін свету, дзе ігнаруюцца правы працоўных. Мы цяпер у цудоўнай кампаніі з Егіптам, Эквадорам, Гватэмалай і Суданам. А ўсё чаму? А таму, што свабодныя прафсаюзы знішчаныя, у дачыненні да лідараў рабочага руху праводзяцца рэпрэсіі, 42 сябры незалежных прафсаюзаў Беларусі – за кратамі. Карацей, поўны набор. Цяпер пара пераймяноўваць краіну з Рэспублікі Беларусь на Народна-Дэмакратычна-Рабочую-Беларусь, каб паказаць поўную карціну дэнацыяналізацыі, тыраніі і прыгону.

Беларускае Радыё Рацыя