Каму вайна, а каму маці родная. Каму санкцыі зло, а каму дабро. Расейскі АўтаВАЗ звярнуўся да Пуціна, каб той не дабіваўся зняцця санкцый з прадпрыемства.

Думаеце, яны пра радзіму так клапоцяцца? Не! Проста калі вернуцца замежныя аўтамабілі на рынак, то АўтаВАЗ будзе … самі ведаеце. Самі падумайце, хто будзе набываць ладу замест nissan ці renault. У прынцыпе, у АўтаВАЗе і самі разумеюць. Можна сказаць, цвяроза ацэньваюць сітуацыю. Паводле інфармацыі інфармацыйнага аддзелу АўтаВАЗА, за год рынак аўтамабіляў склаў больш за 1,5 мільёна штук. То бок назіраецца рост на 46%. І АўтаВАЗ пастаўляе свае аўто ў такія ж аўтарытарныя і таталітарныя краіны з безадказным кіраўніцтвам: у Іран, Лівію, Вьетнам, на Кубу. Аўтамабіль Лада, можна сказаць, стаў сімвалам аўтарытарызму.
Цяпер Лада прадаецца і для ўнутранага рынку, і для знешняга. Як заяўляюць на самім заводзе, “Гэтага ўсяго немагчыма было б дасягнуць, калі б не выхад з Расеі бізнэсу несяброўскіх краін”. Перафразуючы вядомы выраз, лепей быць першым сярод ніякіх аўто, чым апошнім сярод флагманаў аўтамабілебудавання. Гэта не з мерседэсам спаборнічаць. Таму і просіць адмысловая камісія АўтаВАЗ не пускаць назад renault. Таму што выбіраючы паміж renault і лада, рынак зробіць выбар на карысць сучаснага, зручнага і надзейнага. А лада так і застанецца сімвалам аўтарытарызму і дыктатуры.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: lada.by






