Беларусь адказала на чарговыя санкцыі ЕЗ – так гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўраду Беларусі.

Што ж гэта за такі “адказ Чэмберлену”? Аказваецца, урад Беларусі зняў забарону на ўвоз і рэалізацыю на тэрыторыі Беларусі бульбы, цыбулі, яблык з несяброўскіх краін, у тым ліку з ЕЗ. І ўсё гэта ў адказ на тое, што еўрапейскі парламент ухваліў праект рашэння аб увядзенні падвышаных мытаў на ўвоз у ЕЗ сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі. То бок яны нам падвышэнне мытаў, а мы ім за гэта здымаем забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі. Проста не ўлады Беларусі, а нейкія самарыцяне. Праўда, злыя языкі гавораць, што прычына ў іншым – проста ў Беларусі з бульбай праблемы. Яшчэ троху – і ў насельніцтва не будзе з чаго рабіць дранікі. Вось і дазволілі ўвозіць з ЕЗ бульбу, яблыкі і цыбулю. Свая прадукцыя альбо не даляжалі да вясны, альбо проста вывезеныя ў Расею.
Дазвол на ўвоз бульбы з ЕЗ, як разумееце, гэта ў нас не спроба вырашыць праблему з дэфіцытам самага важнага для беларусаў карняплода, а “жэст добрай волі”. Гэтыя гнюсныя еўрапейцы нам ствараюць праблемы, а мы ім руку дапамогі працягваем. Гатовыя, так бы мовіць, іх бульбу нават з’есці. Хаця чаго мы ўсе перажываем. Еўрапейская бульба, калі перасякае мяжу, становіцца беларускай па факце. Яшчэ больш натуралізуецца, калі прадаецца ў беларускіх гандлёвых сетках, гатуецца на беларускіх патэльнях і пераварваецца беларускімі страўнікамі. Таму ніякай супярэчнасці ў адмене забароны на ўвоз няма.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






