Паўсталі праблемы з прасоўваннем сартоў бульбы беларускай селекцыі ў Расеі – паведамілі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Справа ў тым, што хоць беларуская селекцыйная бульба і знаходзяцца ў дзяржаўным рэестры допуску да выкарыстання ў Расеі, але цяпер за яе экспертызу трэба плаціць. Грошай на гэта няма.

Яшчэ ў траўні летась Аляксандр Лукашэнка прызнаваў дэфіцыт бульбы ў самой Беларусі. Раней на гэта скардзіліся і беларусы, хоць чыноўнікі абвяргалі такую інфармацыю. Лукашэнка пазней патлумачыў праблему жаданнем фермераў прадаваць бульбу ў Расею па больш высокай цане, што нібыта прывяло да дэфіцыту на айчынным рынку. Але ў Расеі заявілі, што сапраўднай прычынай дэфіцыту стаў неўраджай бульбы 2024 года, прыгадвае “Зеркало”.
«Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў з нагоды Дня роднай мовы
У гонар Дня роднай мовы і ў год юбілеяў — 135-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 150-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) — брэнд «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў «Мова». Папярэдняя, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, была распрададзеная за лічаныя дні.
”Калекцыя створана пры ўдзеле літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Гэты праект нагадвае пра каштоўнасць беларускай культуры, сувязь пакаленняў і пра тое, што нацыянальная ідэнтычнасць жыве ў штодзённым выбары. Гэта спроба зрабіць культуру бачнай, сучаснай і блізкай кожнаму”, — распавядаюць стваральнікі калекцыі.
Трамп хоча яшчэ больш падняць глабальныя пошліны — цяпер да 15%
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўвядзе новыя 15%-ыя глабальныя пошліны на ўсе імпартныя тавары.
Падзеі развіваліся наступным чынам. На мінулым тыдні Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што прэзідэнт ЗША перавысіў свае паўнамоцтвы, калі летась увёў пошліны на імпарт. Прыгадаем, што Трамп увёў пошліны спачатку супраць Мексікі, Канады і Кітая, а потым пашырыў іх на дзясяткі гандлёвых партнёраў. Трамп ахарактарызаваў рашэнне суда як “жудаснае” і “антыамерыканскае”, раскрытыкаваў суддзяў і назваў іх “дурнямі”. Пазней паабяцаў увесці новыя 10%-ыя пошліны, кіруючыся іншым законам, а пасля вырашыў падняць іх да 15%. Першапачаткова заяўлялася пра тое, што новыя пошліны ўступяць у сілу 24 лютага.
Венгрыя і Славакія пагражаюць адключыць электраэнергію Украіне
Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца абвясціў аб прыпыненні аварыйных паставак электраэнергіі ва Украіну, калі не будзе адноўлена транспарціроўка нафты па нафтаправодзе “Дружба”. Раней Венгрыя абвясціла аб прыпыненні прадастаўлення Украіне крэдыту ЕЗ у памеры 90 мільярдаў еўра, а пазней прэм’ер Віктар Орбан дадаў, што таксама спыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну. Венгрыя ўжо спыніла пастаўкі ва Украіну дызельнага паліва.
Спыненне паставак расейскай нафты па “Дружбе” было звязана з тым, што ў выніку расейскай атакі была пашкоджаная адна з насосных станцый. Венгрыя і Славакія заяўляюць, што пашкоджанне ўжо ліквідаванае, а прыпыненне паставак з’яўляецца палітычным рашэннем Уладзіміра Зяленскага.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






