Негатыўныя тэндэнцыі ў расейскай эканоміцы нарастаюць, аб чым сігналізуюць шматлікія паказчыкі. У прыватнасці на гэта ўказвае статыстыка чыгуначных перавозак.

Як паведамляе Reuters, буйныя расейскія экспарцёры, у тым ліку “Русал” і “Газпромнафта”, скарацілі запланаваны аб’ём перавозак па чыгунцы такіх тавараў, як металапрадукты і нафтапрадукты. Пра гэта сведчыць дакумент “Расейскіх чыгунак”, з якім азнаёміліся журналісты агенцтва. Гэта ў сваю чаргу азначае, што ў Расеі змяншаецца попыт на прамысловыя рэсурсы ва ўмовах агульнага запаволення эканомікі.
Згодна з дакументам ад 20 сакавіка, дзяржаўная чыгуначная манаполія мае намер скараціць выдаткі ў 2025 годзе на дадатковыя 32,5 мільярда рублёў (408 мільёнаў даляраў ЗША), ці прыкладна на 3,5%, да 858,4 мільярда рублёў, з-за перагледжанага прагнозу грузавых перавозак. Найбольш уражлівым з’яўляецца план расейскай чыгункі скараціць адразу на 40% аб’ём капітальных інвестыцый у гэтым годзе.
Аднак падзенне аб’ёмаў перавозак у гэтым годзе будзе яшчэ больш уражлівым, калі ўлічыць, што мінулы год і так быў рэкордна дрэнным па гэтым паказчыку. Аб’ёмы грузавых перавозак у Расеі ў 2024 годзе дасягнулі 15-гадовага мінімуму, што з’яўляецца красамоўным паказчыкам стану экспартна-арыентаванай эканомікі Расеі, піша Reuters.
У дакуменце, з якім азнаёміліся журналісты, пазначана, што расейская чыгунка перавязе на 36,7 мільёна метрычных тон менш, чым першапачаткова прагназавалася на 2025 год (план быў 1,24 мільярда тон). У дакуменце названы дванаццаць буйных кампаній, якія скарачаюць аб’ёмы чыгуначных перавозак, уключаючы алюмініевага гіганта Русал, сталеліцейныя кампаніі “Поўначсталь” і іншыя.
Сярод прычын татальнага скарачэння ва ўсіх галінах расейскай эканомікі называецца жорсткая манетарная палітыка, а менавіта высокая ключавая працэнтная стаўка Банка Расеі, якая складае 21 працэнт. Яна забіла камерцыйнае крэдытаванне ў Расеі.
Акрамя таго, прамысловасць скардзіцца на высокія транспартныя тарыфы, якія прымушаюць іх скарачаць перавозкі, і на страту традыцыйных экспартных рынкаў.