Польскі бок з трэцяй гадзіны ночы 10 ліпеня амаль не прымаў грузавыя транспартныя сродкі, якія ішлі з Беларусі праз пункт пропуску «Казловічы», паведаміў беларускі Мытны камітэт. У выніку колькасць грузавікоў за мінулую ноч вырасла да 600, у той час як днём чаргі не было зусім. У напрамку Беларусі праз гэты пункт пропуску транспартныя сродкі ідуць значна больш павольна, чым звычайна, адзначылі мытнікі.
«Казловічы» («Кукурыкі» з польскага боку) — апошні пункт на мяжы Беларусі і Польшчы, праз які ажыццяўляўся рух грузавога транспарту. Менавіта закрыццё грузавога патоку эксперты называюць галоўным інструментам ціску Польшчы на беларускі бок. Польшча намагаецца спыніць міграцыйны крызіс на мяжы і вызваліць з беларускай турмы журналіста Анджэя Пачобута. Пазней польскі бок паведаміў, што грузавы рух не спынены цалкам, але запаволены з прычыны больш шчыльных праверак.
Жыхары Гомельшчыны не могуць трапіць на прыём да медыкаў
Як паведамляе «Флагшток», больш за ўсё праблем узнікае з запісам да зубных фельчараў і лекараў-спецыялістаў. Паводле інфармацыі выдання, асабліва востра праблема стаіць у сельскай мясцовасці, дзе дадатковай перашкодай становіцца яшчэ і транспартная праблема. У прыватнасці, паведамляецца аб праблеме ў Рагачоўскай цэнтральнай бальніцы, дзе на найбліжэйшы тыдзень няма талона да неўролага, а таксама ў адной з мазырскіх паліклінік, дзе людзі з раніцы становяцца ў жывую чаргу, каб ухапіць талон да дантыста.
У Рэспубліканскай базе вакансій журналісты ўпісалі пазіцыю «лекар» і знайшлі 661 вакансію толькі ў Гомельскай вобласці. Па ўсёй краіне – больш за 7 тысяч. На пасаду медыцынскай сястры ў Гомельскай вобласці ёсць больш за 200 вакансій, па ўсёй краіне – больш за 4 тысячы.
Air Asia можа запусціць прамыя рэйсы з Беларусі ў Тайланд
Авіякампанія Air Asia вывучае магчымасць запуску прамых рэйсаў паміж Беларуссю і Тайландам. Air Asia чакае адказу ад страхавой кампаніі і пралічвае тарыфы. Перспектывы адкрыцця рэйса стануць вядомыя да канца ліпеня, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый. Старшыня саюза Руслан Сегенюк адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў рэйсе Менск – Пхукет з канца кастрычніка па красавік:
– На наш погляд, рэальна можна было б ажыццяўляць наступную праграму. Працягласць ланцужка – з канца кастрычніка па красавік, каля шасці месяцаў. Рэгулярнасць вылетаў – прыкладна 10/11 начэй, або два разы на тыдзень, – заявіў Сегенюк.
Ён падкрэсліў, што пры прамых авіязносінах становіцца актуальнай праблема адмены віз або выдача іх па прылёце. Паводле Сегенюка, Беларусь зацікаўлена і ў адваротным патоку. Ён прапанаваў арганізаваць туры ў Беларусь для тайскіх турыстаў. (reform.news)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: РІА «Навіны»