BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Працягнута забарона на ўвоз асобных тавараў з “несяброўскіх краін”

У Беларусі працягнута забарона на ўвоз асобных тавараў з “несяброўскіх краін”. Гэтыя “контрсанкцыі” будуць дзейнічаць да 31 снежня 2025 года. Адпаведны дакумент падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

У згаданы пералік тавараў трапіла асобная прадукцыя з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі. У спісе сярод іншага — піва, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, дэзадаранты, мыла, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, пасцельныя прыналежнасці, сталовы посуд. Забараняюцца ўвоз і продаж вады, уключна з мінеральнай і газаванай. Таксама забараняецца маркіроўка на тэрыторыі “несяброўскіх краін” алкагольных напояў, якія імпартуюцца ў РБ.

З пачатку 2022 года ў Беларусі дзейнічаюць і харчовыя “контрсанкцыі” — таксама адказ на санкцыі Захаду. Аднак не ўсе імпартныя прадукты атрымліваецца замяніць айчыннымі. У выніку ўрад “вымушана” стварыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга і пашырае яго. (“Еўрарадыё”)

З 1 студзеня падаражэюць многія маркі цыгарэт

Міністэрства падаткаў і збораў апублікавала інфармацыю пра максімальныя рознічныя цэны на цыгарэты з фільтрам, якія пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года.

У адпаведнасці з гэтай інфармацыяй, у Беларусі з новага года павінна вырасці цана дзясяткаў марак цыгарэт: 78 — вытворчасці тытунёвай фабрыкі «Нёман», 53 — вытворчасці ТАА «Тытунь-Інвест», 38 — вытворчасці ТАА «Сентоні ПРА», 36 — вытворчасці ЗТАА «АЛІДЗІ-вест», 12 — якія ўвозяцца дзяржпрадпрыемствам «Беларусьгандаль».

Паколькі многія з названых марак вырабляюцца і ўвозяцца адразу некалькімі з названых кампаній, фактычна змяненне кошту закране толькі каля 115 марак. Цана на вырабы павысіцца ў асноўным на 20-40 капеек, хоць ёсць і такія, кошт якіх павялічыцца адразу на 80 капеек. Маркі, што вырабляюцца ТАА «Інтэр Табака» і ўвозяцца ТАА «Сентоні ПРА», не падаражэюць. (НН)

Праз пажар на птушкафабрыцы загінула 62,5 тыс. куранят

Два пажары на сельскагаспадарчых аб’ектах адбыліся 30 снежня, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Раніцай узнікла ўзгаранне ў аднапавярховым цагляным будынку птушкафабрыкі прадпрыемства “Беларуснафта-Асобіна” ў аграгарадку Навасёлкі (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). У выніку пажару загінула 62.504 куранят-бройлераў. Агнём пашкоджана 42 кв. м шыфернага даху, сістэма вентыляцыі і транспартавальная стужка.

Акрамя таго, позна ўвечары адбыўся пажар у цагляным будынку кароўніка на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў вёсцы Чапялі (Салігорскі раён Менскай вобласці). У агні загінула цяля (узрост — тры дні), знішчана два і пашкоджаны адзін дамок для цялят.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот відэа з Раманам Галоўчанкам (крыніца – “Позірк”).