BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прадаюць чатыры аўтазапраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Чатыры аўтазапраўкі пад брэндам кампаніі “Трайпл”, якая належыць Юрыю Чыжу, выставілі на аўкцыён. Таргі адбудуцца на сайце пляцоўкі “Белрэалізацыя”. Адна запраўка размяшчаецца ў Бярозе, другая — у Менску, яшчэ дзве аўтазапраўкі – у Івацэвіцкім раёне.

Юрый Чыж лічыўся галоўным “кашальком” Лукашэнкі. Але ў другой палове 2010-х гадоў ён трапіў у няміласць. Яго былы партнёр Уладзімір Япрынцаў падаў заяву, пасля якой на Чыжа пачалі крымінальную справу. У лютым 2023 года Чыжу прысудзілі 3,5 года за махлярства і легалізацыю злачынных даходаў. Але да яго ўжылі амністыю і ўлічылі час, праведзены пад вартай да суда. Сёлета ў жніўні паведамлялася, што Чыж цалкам вярнуў кантроль над кампаніяй “Трайпл”. (euroradio.fm)

Літоўская мытня ўзмацняе кантроль на мяжы з Беларуссю

Ад 11 лістапада мытня Літвы ўводзіць больш строгі кантроль на мяжы за вывазам з Еўразвязу тавараў падвойнага прызначэння. У канцы верасня Літва прыняла рашэнне дэнансаваць пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларуссю ў мытнай сферы. Як паведамляецца на сайце літоўскага ведамства, пад узмоцнены кантроль трапяць пераважна фірмы-экспарцёры, а не звычайныя грамадзяне.

Таварамі падвойнага прызначэння лічацца тыя, што могуць выкарыстоўвацца для ваенных дзеянняў ці для вытворчасці прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах.  Асаблівую ўвагу літоўскія мытнікі будуць надаваць электроніцы — чыпам, мікрасхемам ды іншым электронным кампанентам. Таксама будзе больш строгі кантроль над экспартам такіх тавараў, як медыка-дыягнастычнае абсталяванне, розныя механізмы, іх дэталі і аналагічныя тавары, – гаворыцца ў паведамленні. (polskieradio.pl)

Экспарт Кітая рвануў уверх на фоне выбараў у ЗША

У кастрычніку экспарт Кітая паказаў самы хуткі рост за апошнія два гады. Гэта адбылося, бо Кітай чакае, што ЗША і Еўразвяз неўзабаве павысяць тарыфы на ўвоз кітайскіх тавараў.

Дональд Трамп раней абяцаў у выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША павысіць тарыфы на кітайскі імпарт больш як на 60%. Гэта палохае кітайскіх уладальнікаў заводаў і чыноўнікаў, паколькі штогадовыя пастаўкі з Кітая ў ЗША складаюць каля 500 мільярдаў даляраў. Еўразвяз у мінулым годзе закупіў кітайскіх тавараў на 466 мільярдаў даляраў.

Агулам Кітай павялічыў у кастрычніку экспарт тавараў на 12,7% у гадавым вымярэнні, што перавышае прагназаваны рост на 5,2%. Паводле даных кітайскай мытні, летась асноўнымі таварамі, якія Кітай пастаўляў у Штаты, былі смартфоны, планшэты і гульнявыя прыстаўкі. (Наша Ніва паводле Reuters)

Беларускае Радыё Рацыя