Урад на тры месяцы падоўжыў ліцэнзаванне вывазу белакачаннай капусты, яблыкаў, рэпчатай цыбулі, морквы і буракоў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

У паведамленні ўрада адзначаецца, што вываз гэтай прадукцыі незалежна ад краіны яе паходжання за межы Беларусі будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з іншымі ўстановамі. «Пастанова прынятая ў мэтах забеспячэння ўнутранага рынку гэтай сельскагаспадарчай прадукцыяй у міжсезонны перыяд у поўным аб’ёме», — адзначылі ў прэс-службе.
Папярэдні раз такое ліцэнзаванне ўвялі ў кастрычніку 2024 года. (НН)
Пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расею летась выраслі на 39%
У 2024 годзе пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расею выраслі на 39%. Такую статыстыку апублікаваў Рассельгаснагляд. Краіна паставіла ў Расею больш за 710 тысяч яек. Акрамя Беларусі ў тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў яек увайшлі Азербайджан і Турцыя. Адтуль імпартавалі 48,7 тысячы і 44,3 тысячы штук адпаведна. Прычым пастаўкі яек з Турцыі пачаліся толькі ў мінулым годзе.
Як прыгадвае «Еўрарадыё», крызіс з яйкамі ўзнік у Расеі ў канцы 2023 года. Беларускія пастаўшчыкі хутка адрэагавалі на павышаны попыт. У выніку за першыя пяць месяцаў мінулага года Расея закупіла ў Беларусі ў 2,5 разу больш яек, чым за той жа перыяд пазамінулага.
Дарэчы, у мінулым годзе Беларусь стала лідарам і па пастаўках у Расею сметанковага масла. Доля Беларусі ў імпарце масла склала 80%.
З Берасця запусцяць прамыя авіярэйсы ў Санкт-Пецярбург
Авіякампанія Belavia запускае рэгулярныя прамыя рэйсы паміж Берасцем і Санкт-Пецярбургам. Пра гэта паведамляе прэс-служба перавозчыка. Рэйсы з’явяцца ў раскладзе з 2 красавіка. Палёты запланаваны двойчы на тыдзень: па серадах і суботах.
Час у палёце – 1 гадзіна 50 хвілін. Кошт білетаў туды і назад – ад 106 еўра. Столькі каштуе пералёт па тарыфе «Лайт», піша Office Life.
Ryanair больш не размаўляе з Modlin і скарачае рэйсы
Ірландскі лаўкостар Ryanair завяршыў перамовы з польскім аэрапортам Модлін. Бакі не змаглі ўзгадніць умовы далейшага супрацоўніцтва.
— Перамовы завершаны, і, на жаль, мы не змаглі падпісаць шматгадовае пагадненне аб развіцці (…). Мы стараемся дакладна фармуляваць нашы чаканні, мы не любім бясконца і бессэнсоўна весці перамовы, – кажа Міхал Качмаржык, кіраўнік Ryanair у Польшчы, у інтэрв’ю Business Insider Polska.
Адсутнасць новага пагаднення азначае – паводле ацэнак ірландскай авіякампаніі – што ў наступным годзе летняя сетка рэйсаў будзе скарочана прыкладна на 30 працэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: JerzyGorecki/pixabay.com/CC0 Public Domain.






