Расейскія вайсковыя прадпрыемствы завінаваціліся Беларусі значныя сумы. За Мінабароны лічыцца найбольшая сума пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў Беларусі. Пра гэта сведчаць дакументы Камітэту дзяржкантролю аб выкананні бюджэту за 2023 год. Рэдакцыя “Флагштока” азнаёмілася з імі дзякуючы Аб’яднанню былых сілавікоў BELPOL.
Сума пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў арганізацый Міністэрства абароны на пачатак года склала 1,8 млн даляраў у эквіваленце. Гэта 51,3% ад усёй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці па сродках рэспубліканскага бюджэту. Другое месца па суме запазычанасці займаюць арганізацыі, падпарадкаваныя Гомельскаму аблвыканкаму. Як заяўляюць у КДК, больш за 90% пратэрмінаванай запазычанасці ў Мінабароны складаюць неадпрацаваныя авансы, выплачаныя расейскім вытворцам.
Беларускія віны ў Расеі хочуць маркіраваць налепкамі «гэта не віно»
Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі вінаградараў і вінаробаў Расеі Аляксей Плотнікаў заклікаў маркіраваць віно Менскага завода вінаградных вінаў адзнакамі з надпісам «Не является вином» («Гэта не віно). Гэта павінна тычыцца вінаў вытворчасці краін, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, якія на заводзе ў Менску проста разліваюцца па пляшках, піша РБК. Паводле Плотнікава, расейскія ўлады павінны распрацоўваць стратэгію падтрымкі мясцовых вінаробаў, а не заахвочваць рээкспарт.
Некалькім расейскім кампаніям раней дазволілі імпартаваць віно вытворчасці Менскага завода вінаградных вінаў з назвамі, якія вельмі падобныя на еўрапейскія. Спецпрадстаўнік Пуціна Барыс Цітоў нядаўна назваў такія беларускія віны «шмурдзяком».
Атамная энергетыка перажывае ў Еўропе рэнесанс
Сайт Forsal піша пра атамную энергетыку ў Еўропе. Недахоп спецыялістаў у гэтай галіне каласальны, а заробкі прывабныя. АЭС у Францыі, Вялікабрытаніі ці Швецыі, як тыя, што ўжо працуюць, так і тыя, што будуюцца ці знаходзяцца ў планах, патрабуюць соцень тысяч зваршчыкаў, інжынераў ды іншых спецыялістаў, неабходных для абслугоўвання рэактараў.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон хоча, каб былі пабудаваныя яшчэ шэсць чарговых рэактараў у бліжэйшым часе. У Швецыі ёсць шэсць атамных рэактараў, а ўрад краіны заявіў, што да 2045 года трэба яшчэ як мінімум 10, каб задаволіць попыт на электрыфікацыю транспарту і прамысловасці. Для гэтага спатрэбяцца дзясяткі тысяч супрацоўнікаў. (паводле Польскага радыё)
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.