“Работу па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, узаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай і энергетычнай сферы, ход работы над фарміраваннем аб’яднанага рынку нафты і газу” абмеркавалі на сустрэчы ў Маскве намеснікі прэм’ер-міністра Беларусі і Расеі Віктар Каранкевіч і Аляксандр Новак. Таксама гаворка ішла аб праектах у электраэнергетыцы і “ў сферы мірнага атама”, паведамляе прэс-служба ўрада РФ.

Адзначаецца, што па выніках мінулага года аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі зноў можа пабіць рэкорд. У студзені — кастрычніку тавараабарот вырас на 6,5%, у сваю чаргу тавараабарот гаспадарчай прадукцыі павялічыўся на 16,1% у параўнанні з аналагічным перыядам пазамінулага года. Беларускі бок аб перамовах не паведамляе, заўважыў “Позірк”.
Беларусь страціла за 2024 год рэкордную колькасць лесу
За мінулы год у Беларусі загінула 37,7 тыс. гектараў лясных насаджэнняў. Гэта ў тры разы больш, чым годам раней, піша “Беларусы і рынак”.
Аб’ём страчанага ў мінулым годзе лесу з’яўляецца адным з максімальных за дзесяцігадовы перыяд. Паводле звестак Белстата, 96% ад усяго аб’ёму страт у 2024 годзе выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я. Яшчэ па 3% прыпадае на хваробы лясоў і пажары. Паводле звестак Міністэрства лясной гаспадаркі, у выніку непагадзі пацярпела звыш 6 млн. куб.м драўніны.
Турцыя нарошчвае экспарт шакаладу ў Беларусь
Экспарт з Турцыі ў Беларусь па таварнай пазіцыі “Шакалад і іншыя гатовыя харчовыя прадукты, якія змяшчаюць какаву” вырас за апошнія гады. Пра гэта сведчаць звесткі Турэцкага інстытута статыстыкі і статыстычнага аддзела ААН. Паводле гэтай інфармацыі, у 2020 годзе пастаўкі шакаладнай прадукцыі з Турцыі на беларускі рынак складалі каля $1,28 млн., а ў мінулым годзе экспарт павялічыўся да $5,60 млн.
Два стартапы з беларускімі каранямі – сярод найлепшых у Польшчы
Вядучае анлайн-выданне, прысвечанае стартапам у Еўропе EU-Startups.com склала спіс з 10 перспектыўных стартапаў, заснаваных у Польшчы ў перыяд з 2023 па 2024 год. Сярод іх – два з беларускімі каранямі.
Аграстартап Cropler заснавалі ў Польшчы інжынер-электроншчык Мікіта Бядункевіч, інжынер інфармацыйных тэхналогій Ягор Вярбіцкі і аграном Філіп Кандраценка. Кампанія забяспечвае маніторынг сельскагаспадарчых культур на аснове штучнага інтэлекту з дапамогай партатыўных смарт-камер, якія адсочваюць стан раслін і стан палёў у рэжыме рэальнага часу.
Стартап Plain стварылі беларусы Таісія Муха і Барыс Малайчык. Кампанія ўяўляе сабою памагатага па шопінгу на базе штучнага інтэлекту, які дапамагае карыстальнікам знайсці мэблю, якая адпавядае іх стылю, прасторы і бюджэту, піша reform.news.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: be.wikipedia.org






