Эканоміка Беларусі пры адсутнасці моцных знешніх шокаў “працягне функцыянаваць у стане перагрэтага залішняга ўнутранага попыту”, вынікае з агляду за другі квартал, прадстаўленага даследчым цэнтрам BEROC.

На думку экспертаў, гэта будзе суправаджацца высокай гадавой інфляцыяй, якая можа наблізіцца да верхняй мяжы дыяпазону 7–9%. Рост ВУП у сілу абмежаванасці працоўных і капітальных рэсурсаў будзе запавольвацца, а ўслед за ім замарудзіцца і рост заробкаў. Сярэдняя стаўка па крэдытах, паводле прагнозу BEROC, застанецца сёлета на ўзроўні 12%, а па новых тэрміновых дэпазітах складзе каля 9–10%.
Аналітыкі адзначаюць, што “нежаданне Нацбанка надаваць манетарнай палітыцы ўмераную жорсткасць азначае, што грашова-крэдытныя ўмовы не будуць спрыяць хуткай нейтралізацыі назапашаных дысбалансаў у эканоміцы”. (паводле “Позірк”)
Банкрутуе беларуская фабрыка, якая вырабляла ялінкавыя цацкі
У Беларусі пачалася працэдура банкруцтва фабрыкі «Грай», якая займалася вытворчасцю навагодніх цацак, заўважыла «Люстэрка». Гэта адзінае падобнае прадпрыемства ў краіне, створанае ў 2016 годзе. Справа вядзецца Эканамічным судом Магілёўскай вобласці па ініцыятыве падатковай інспекцыі. Кампанія вінаватая дзяржаве больш за 51 тысячу рублёў — гэты доўг не пакрываўся ўжо больш за паўгода.
На піку сваёй працы фабрыка «Грай» вырабляла больш за 500 тыпаў упрыгожанняў, многія з якіх распісваліся ўручную. У вытворчасці былі занятыя каля 30 чалавек — мастакі, дызайнеры і рамеснікі. У дзень выраблялася да 1,5 тысяч цацак. Яшчэ ў 2022 годзе фабрыка лічылася паспяховай, піша “Наша Ніва”.
Польшча ўвяла санкцыі супраць яшчэ аднаго беларускага прадпрыемства
Улады Польшчы ўвялі санкцыі супраць яшчэ аднаго беларускага пастаўшчыка азотных угнаенняў — менскага прадпрыемства «ГрандГраніт». Польскія ўлады мяркуюць, што гэтая кампанія займалася перапродажам угнаенняў, вырабленых на заводзе «Гродна Азот», які ўжо знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза.
«ГрандГраніт» пачаў займацца пастаўкамі мінеральных угнаенняў толькі з мая 2024 года, а раней спецыялізаваўся на гандлі гранiтным шчэбнем і цёмнымі нафтапрадуктамі. Польскі бок мяркуе, што кампанія выконвала ролю пасярэдніка. У сувязі з гэтым Польшча прыняла рашэнне абмежаваць дзейнасць «ГрандГраніта».
Цана на золата абнавіла гістарычны рэкорд
У пятніцу, 8 жніўня, снежаньскія ф’ючарсы на золата на Чыкагскай таварнай біржы выраслі на 2,32%. У выніку на піку яны склалі $3534,1 за тройскую ўнцыю – гэта новы гістарычны рэкорд.
Як піша Reuters, ф’ючарсы на золата падаражэлі да новага гістарычнага рэкорду пасля навіны пра тое, што ЗША ўвялі пошліны на імпарт залатых зліткаў вагой 1 кг, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя






