BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Праграма Poland Business Harbour закрытая?

Пра закрыццё польскай дзяржпраграмы Poland Business Harbour (PBH) па спрошчанай і паскоранай рэлакацыі для фрылансераў, стартапаў, малых, сярэдніх і буйных бізнесаў паведаміла выданне dev.by, якое спецыялізуецца на IT-сферы. Выданне піша, што гэтую інфармацыю пацвердзіла амбасада Польшчы ў Менску, і парэкамендавала падаваць дакументы на звычайную працоўную візу на запрашэнне.

У Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) “Позірку” паведамілі, што афіцыйнай інфармацыі на гэты конт у іх няма. Арганізацыя звярнулася з адпаведным запытам у МЗС Польшчы.

За тры гады ў рамках праграмы было выдадзена больш за 90 тысяч віз, большасць – беларусам.

На першым месцы – цукар. ТОП-5 экспартных пазіцый

Прадпрыемствы беларускай харчовай прамысловасці у мінулым годзе пастаўлялі прадукцыю ў больш як 50 краін. Аб’ём экспарту вырас на тры працэнты. У гэтым годзе пастаўлена задача павялічыць экспарт да 500 млн даляраў. Якая прадукцыя і куды экспартавалася, расказаў прадстаўнік канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Ігар Груца.

– На першым месцы цукар. Ён пастаўляўся ў Расею, Таджыкістан і іншыя краіны Цэнтральнай Азіі. Доля цукру ў экспарце склала 36 працэнтаў.

– На другім месцы – кандытарскія вырабы. Доля каля 18%.

– На трэцім месцы – піва і алкаголь (17%).

– На чацвёртым месцы – прадукцыя маслатлушчавай галіны (11%). Рапсавы алей пастаўляўся ў Еўразвяз і Кітай.

– На пятым месцы – соль, больш за 80% прадукцыі прадпрыемства “Мазырсоль” ідзе на экспарт.

Каля 2/3 экспарту прыпадае на рынак Расейскай Федэрацыі.

Больш за 250 крымінальных спраў распачата ў Літве за парушэнне санкцый

Больш за 250 крымінальных спраў распачалі ў Літве за парушэнне санкцый супраць Расеі і Беларусі, паведамляе Delfi са спасылкай на намесніка гендырэктара па мытных пытаннях Службы дзяржаўных даходаў Райманда Зукулса.

Паводле Зукулса, найбольш папулярныя санкцыйныя тавары, якія спрабуюць вывезці з Літвы, — гэта электраабсталяванне, сеткавае абсталяванне, аўтазапчасткі, прадметы раскошы. З Расеі і Беларусі спрабуюць прывезці ў Літву вырабы з драўніны, паліва, кармы і вырабы з металу. Літоўскі чыноўнік прывёў прыклад: пры вывазе з Расеі і Беларусі фанеры санкцыі спрабуюць абысці, змяніўшы краіну паходжання тавару — паказваюць, што тавар зроблены ў Казахстане ці Турцыі. Таксама змяняецца мытны код тавару.

Улады кажуць пра “рэкордны” рост сярэдняга заробку за снежань

Белстат паведаміў пра “рэкордны” рост сярэдняга заробку за снежань 2023 года. У параўнанні з лістападам рост перавысіў 295 рублёў. У выніку налічаны сярэдні заробак у снежні склаў 2 тысячы 271 рубель.

Аднак, такі “рэкордны” рост нельга патлумачыць нейкімі пазітыўнымі тэндэнцыямі ў эканоміцы. Справа ў тым, што ў канцы года працоўным выплачваюцца прэміі і розныя дадатковыя выплаты. І гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў статыстыцы. Каб пераканацца ў гэтым, трэба пачакаць лютага, калі з’явяцца даныя пра сярэдні заробак за студзень. (Еўрарадыё)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: gov.pl.