BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пракуратура праверыла фермы Гомельшчыны. Факты жахлівыя

У той час, як прапаганда імкнецца давесці, што эканоміка краіны знаходзіцца на пад’ёме, сапраўдны стан рэчаў у сельскай гаспадарцы сведчыць пра іншае. Арганізацыя былых сілавікоў «Белпол» падзялілася з «Нашай Нівай» копіяй дакумента, які пракуратура Гомельскай вобласці накіравала першаму намесніку старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыю Петражыцкаму.

У ім адзначаецца, што за 8 месяцаў у Гомельскай вобласці падзеж буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 22,3%. Прычым гэтая тэндэнцыя назіралася ў 20-ці з 21-го раёнаў вобласці. Найбольш жахлівыя лічбы ў Калінкавіцкім і Буда-Кашалёўскім раёнах, дзе павелічэнне адбылося адпаведна ў 3,8 і 3,3 разу. Праверка выявіла, што асноўнымі прычынамі падзяжу стала няправільнае кармленне (амаль 46% выпадкаў) і ўтрыманне (48%) жывёлы. Напрыклад, было выяўлена, што ў летнюю спёку ў паілках нават не было вады. Пракуратура прызнае, што на сітуацыю ўплывае і недахоп спецыялістаў. Так на 1 верасня ў цэлым па вобласці не хапала 236 (26,6%) ветэрынараў і 226 заатэхнікаў (16,9%).

Што больш за ўсё падаражэла і патаннела ў кастрычніку

Гадавая інфляцыя ў Беларусі зніжаецца другі месяц запар. У кастрычніку яна аказалася на роўні 5,9%, пры гэтым за месяц цэны выраслі на 0,5%. Што больш за ўсё патаннела і падаражэла, расказалі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

У кастрычніку сярод прадуктаў больш за ўсё падаражэў алей – на 2%. У тройцы таксама рыба і морапрадукты (1,4 працэнта) і плодаагароднінная прадукцыя (1,2 працэнта). Пры гэтым за кастрычнік больш за іншых прадуктаў патаннелі макароны — на 1%.

Што да нехарчовых тавараў, больш за ўсё дадалі ў кошце тэлевізары, падаражэўшы на 1,2%. У топ-3 таксама халадзільнікі (на 1%) і мэбля (0,7%). Патаннелі больш за ўсё сінтэтычныя мыйныя сродкі – мінус 0, 6%.

Прыкметней за ўсё выраслі цэны на некаторыя паслугі. Напрыклад, у дашкольнай адукацыі паслугі падаражэлі на 2,4%, а ў міжнародным турызме – на 2,1%. У той жа час паслугі чыгуначнага транспарту патаннелі на 1,6 працэнта, піша Office Life.

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускай юрасобы

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў новыя санкцыі, якія датычаць шэрагу юрыдычных і фізічных асоб з Расеі. Пад санкцыі трапілі, напрыклад, кіраўнік акупаванага Севастопаля і суддзі з Крыма, а таксама расейскія аэрапорты. У санкцыйным спісе ёсць і адна беларуская юрыдычная асоба — таварыства з абмежаванай адказнасцю (ТАА) “НСКТрэйд”. Гэта зарэгістраваная ў Менску гандлёвая кампанія, у якасці яе асноўнага віду дзейнасці пазначаны “агульны аптовы гандаль таварамі”.

Санкцыі прадугледжваюць блакаванне актываў, поўнае спыненне гандлёвых аперацый і перавозак па тэрыторыі Украіны. У раздзеле, які апісвае санкцыі супраць гэтай кампаніі, таксама згаданая забарона на выкарыстанне лагатыпаў гандлёвых марак “MERE”, “Святлафор” і “Маяк” на тэрыторыі Украіны, піша «Еўрарадыё».

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.