Па выніках студзеня-ліпеня ўпершыню сёлета ў Беларусі зафіксаваны спад прамысловай вытворчасці. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, аб’ём прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах склаў 119,3 млрд. рублёў, што склала 99,7% да аналагічнага леташняга перыяду. Упершыню сёлета прамысловасць дала збой у параўнанні з мінулым годам.

Як піша выданне «Беларусы і рынак», па рэгіёнах зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці назіралася ў Віцебскай вобласці (на 2,9 працэнта), Гомельскай (на 2,6 працэнта) і Гарадзенскай (на 1,5 працэнта).
Як справы ў беларускіх кампаній, які трапілі пад польскія санкцыі?
Польскі філіял Менскага аўтамабільнага завода і яго афіцыйны дыстрыб’ютар MAZ AUTO POLAND у траўні 2023 года быў унесены ў санкцыйны спіс Польшчы як кампанія, 100% якой знаходзіцца ва ўласнасці беларускага холдынгу. Вядома, што кампанія прыпыняла дзейнасць з 1 верасня 2022 па 2 чэрвеня 2025 года.
Афіцыйны прадстаўнік Менскага трактарнага завода MTZ BELARUS TRAKTOR займаўся імпартам на польскі рынак сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання МТЗ. Яго ўнеслі ў польскі санкцыйны спіс ў ліпені 2023 года, а дзейнасць кампанія прыпыніла з 15 студзеня 2024 года. Польская “дачка” МТЗ увозіла тэхніку напрамую з Беларусі, а таксама праз сваю венгерскую кампанію, але для продажу на польскім рынку.
Як піша выданне «Мост», іншыя кампаніі з беларускім капіталам у Польшчы, таксама збольшага прыпынілі сваю дзейнасць.
На ліквідацыю наступстваў Чарнобыля вылучаюць больш грошай
Сёлета ў Беларусі на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021-2025 гады выдзеляць 764,301 млн. рублёў. Фінансаванне ў параўнанні з першапачатковымі параметрамі вырасце больш як на 17,6%. Агульны памер фінансавання праграмы на пяць гадоў – гэта 3,3 млрд. рублёў.
На забруджаных тэрыторыях зараз размешчана каля 2 тысяч населеных пунктаў, дзе пражываюць 930 тысяч чалавек, піша Office Life.
Венгрыя і Славакія зноў атрымліваюць расейскую нафту
Узнавіліся пастаўкі расейскай нафты ў Венгрыю праз Беларусь і Украіну. Яны прыпыняліся амаль на два дні пасля таго, як украінцы атакавалі нафтаперапамповачную станцыю ў Тамбоўскай вобласці РФ.
Міністр замежных справаў Венгрыі Петэр Сіярта падзякаваў намесніку міністра энергетыкі Расеі Паўлу Сарокіну “за хуткую ліквідацыю шкоды”. “Мы чакаем, што Украіна не зробіць новых нападаў супраць трубаправода, крытычна важнага для энергазабеспячэння нашай краіны, — напісаў ён. — Гэтая вайна — не наша вайна, пакіньце нас па-за ёю!”.
Крыху раней пра сітуацыю выказаўся міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга. Ён нагадаў, што Венгрыя на працягу доўгага часу мэтанакіравана захоўвала энергетычную залежнасць ад Расеі.
Міністр эканомікі Славакіі Дэніса Сакава таксама пацвердзіла, што краіна зноў атрымоўвае расейскую нафту, перадае агенцтва «Reuters».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: трактор.бел.






