У 2025 годзе праз Клайпедскі марскі порт у Літве перавезлі каля 1 мільёна тон беларускіх і расейскіх грузаў. З іх 769 тысяч тон прыпадала на беларускія грузы. Гэта прыкладна 2% ад агульнага гадавога аб’ёму перавалкі порта, паведамляе LRT.

Пры гэтым, як адзначаецца, праз забарону на транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву порт штогод недаатрымлівае каля 14 мільёнаў еўра. Паводле падлікаў дырэкцыі, у 2022—2026 гадах агульныя страты склалі прыкладна 56 мільёнаў еўра. Праз Клайпеду цяпер транспартуюцца толькі тыя грузы з Беларусі і Расеі, якія не трапляюць пад накладзеныя на іх санкцыі. У асноўным гэта жывёльныя і раслінныя тлушчы, алеі, прадукты харчавання, напоі, тытунёвыя і раслінныя вырабы.
Рыжанкоў наведвае Тога і Гану
Пра пачатак рабочага візіту міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова ў Тога і Гану паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі. Улады разлічваюць павялічыць экспарт у Афрыку да 1 млрд даляраў да 2030 года. Вядома, што ў 2024 годзе беларускі экспарт на кантынент склаў 650 млн даляраў.
Лукашэнка актыўна прасоўвае ідэю пашырэння супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі, бачачы ў гэтым спосаб абысці заходнія санкцыі і знайсці новыя рынкі збыту для беларускіх тавараў. Ён праводзіць перамовы з лідарамі афрыканскіх дзяржаў, абяцаючы пастаўкі тэхнікі, угнаенняў і харчавання ў абмен на сыравіну і палітычную падтрымку. Пры гэтым многія афрыканскія краіны маюць слабыя эканомікі, высокі ўзровень карупцыі, палітычную нестабільнасць і нізкую плацежаздольнасць.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы зменшылася за год на 3,4%
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (каровы, быкі і інш.) на канец студзеня склала прыкладна 3 мільёна 883 тысячы галоў, а гэта на 3,4% менш, чым было годам раней.
Станоўчая дынаміка адзначана толькі ў Гарадзенскай вобласці, але прырост складае толькі адну сотую працэнта. Па іншых абласцях адзначаецца зніжэнне. Найгорш сітуацыя выглядае на Віцебшчыне, дзе пагалоўе знізілася на 11 працэнтаў, падлічыў “Позірк”.
Вядомы дыскаўнтэр хоча прыспешыць свой рост у Польшчы
Адкрыўся вялікі лагістычны цэнтр CTPark Warsaw Emilianów. Чакаецца, што інвестыцыі неўзабаве будуць абслугоўваць да 120 крамаў Aldi. Новаадкрыты лагістычны цэнтр Aldi мае плошчу 43 000 квадратных метраў.
Дыскаўнтэрная сетка Aldi не хавае сваіх вялікіх амбіцый на польскім рынку і ў канчатковым выніку імкнецца да 1000 крамаў у Польшчы. У цяперашні час сетка кампаніі налічвае ў краіне больш за 400 крамаў і працаўладкоўвае больш за 4800 чалавек. Толькі за апошнія два гады яна пашырыла сваю сетку продажаў больш чым на 30 працэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: gmk.center (Порт у Клайпедзе).






