Беларуская аўтамабільная асацыяцыя БАА апублікавала статыстыку продажу новых аўтамабіляў у Беларусі ў ліпені бягучага года. За месяц прадалі 4 763 машыны, што з’яўляецца рэкордным паказчыкам за апошнія тры гады.
Продажы гэтага ліпеня перавысілі аналагічныя за мінулы год больш чым у 2,5 разу. Адну з прычын гэтага ў асацыяцыі бачаць у тым, што ў апошнія месяцы пачалі дзейнічаць строгія абмежаванні на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь з аб’ёмам рухавіка больш за 1,5 літраў, гібрыдаў і электрамабіляў. Таму «афіцыйныя дылеры БАА імкнуцца насыціць рынак новымі даступнымі аўтамабілямі, што ўжо відаць па выніках продажу апошняга месяца».
Калі тэндэнцыя захаваецца, то «пры ўмове захавання дзейных у нашай краіне ўмоў для вытворчасці і імпарту, штомесячныя продажы новых аўтамабіляў у Беларусі могуць дасягнуць паказчыка ў 9 000 адзінак».
Нацбанк Беларусі паведаміў пра стан ЗВР у ліпені
Нацбанк Беларусі паведаміў пра стан золатавалютных рэзерваў у ліпені. За месяц яны выраслі больш чым на 173 мільёны даляраў і на 1 жніўня складалі $8,532 млрд. На стан ЗВР паўплывала павелічэнне цаны манетарнага золата і кошт спецыяльных правоў запазычання. У траўні і чэрвені ЗВР зніжаліся.
Апублікаваны дакумент пра хабары ў сферы энергетыкі Беларусі
Апублікаваны дакумент пра хабары ў сферы энергетыкі Беларусі. Як піша “Зеркало”, карупцыйная схема працавала шмат гадоў і дазваляла завышаць кошт закупак у пяць разоў.
Адпаведны дакумент Следчы камітэт накіраваў у Міністэрства энергетыкі. У ім згадваецца пра справу былых топ-менеджараў “Мінскэнерга” і “Белэнергабуда”, якіх судзяць за хабары. Там распавядаецца пра тое, як трое службовых асоб атрымлівалі ад арганізацый-пастаўшчыкоў абсталявання хабары. Толькі інжынеру перадалі больш за 143 тысячы долараў. Затрымалі іх восенню 2022-га. З дакумента СК вынікае, што на прадпрыемствах былі не толькі хабары, але і прамы крадзеж.
Новы аўтобусны завод МАЗ плануюць запусціць у пачатку 2025 года
Новы завод МАЗ плануюць запусціць у пачатку 2025 года. На ім збіраюцца выпускаць у тым ліку аўтобусы “трэцяга пакалення” (з уніфікаванай каркаснай канструкцыяй, але рознымі тыпамі рухавікоў: дызельным, газавым і электрычным), паведамляе minsknews.by. На МАЗе заканчэнне будаўніцтва завода называюць “галоўнай стратэгічнай мэтай”. У найбліжэйшыя некалькі гадоў ён павінен стаць “жамчужынай Менскага аўтазавода”.
“У наступным годзе мы ўжо будзем выпускаць не паўтары тысячы адзінак тэхнікі, а тры тысячы”, — кажа першая намесніца старшыні Менгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. Пра тое, што МАЗ будзе будаваць новы завод для зборкі аўтобусаў, стала вядома восенню 2022-га. Праект фінансавалі ўлады Менска.
Беларускае Радыё Рацыя.