Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка па выніках дакладу Лукашэнку заявіў, што крэдытаванне насельніцтва павінна быць пад кантролем, каб пазбегнуць залішняй запазычанасці грамадзян і скіраваць асноўны паток спажывецкіх крэдытаў на набыццё тавараў і паслуг айчыннай вытворчасці. Паводле слоў Галоўчанкі, за апошнія паўгода аб’ём крэдытаў на беларускія тавары вырас прыкладна на 35%.

Нацбанк раней выказваў занепакоенасць хуткімі тэмпамі росту спажывецкага крэдытавання, бо гэта можа стварыць пагрозу фінансавай і цэнавай стабільнасці, а таксама адцягнуць сродкі ад фінансавання бізнэсу.
Што да стаўкі рэфінансавання (цяпер яна складае 9,75% гадавых), то Раман Галоўчанка адзначыў, што яна застаецца актуальнай і прычын для яе падвышэння няма. Наадварот, магчымае нават зніжэнне.
Цэны на бульбу ў ліпені знізіліся
Цэны на бульбу ў Беларусі знізіліся пасля чатырохмесячнага бесперапыннага росту, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. У ліпені бульба патаннела на 4,97% пасля падаражэння на 26,30% — у траўні і на 35,40% — у чэрвені; агулам за чатыры месяцы — у 2,11 разу.
Таксама рост цэн на моркву сёлета фіксуецца кожны месяц. Рэкордны быў у ліпені — на 39,99%. Раней у Белгідрамеце паведамілі, што дажджлівае надвор’е летам гэтага года “асабліва, вядома, моцна адаб’ецца на бульбе“. Пераўвільгатненне прывяло да з’яўлення фітафторы на пасевах на досыць вялікіх плошчах, — дадалі эксперты.
Скандал у Польшчы
Еўрапейская камісія чакае, што Польшча «правядзе следчыя дзеянні» і высветліць, ці правільна размяркоўваюцца сродкі з датацый Еўразвязу. Якасць гэтай праверкі вызначыць, ці выдзеліць ЕЗ Польшчы сродкі на падтрымку сектара HoReCa (турызму і грамадскага харчавання), паведамляецца на сайце wp.pl. Было вызначана, што фінансавая падтрымка можа быць прадастаўлена прадпрымальнікам, якія падчас пандэміі адчулі зніжэнне абароту не менш чым на 20% у параўнанні з папярэднім годам і чыёй асноўнай дзейнасцю быў сектар гасцініц і грамадскага харчавання. Затым высветлілася, што грошай больш, чым заяўнікаў.
Гранты KPO, якія выдаткоўваюцца на раскошныя яхты і кватэры выклікалі значны ажыятаж у польскіх медыя. Некалькі сотняў заявак тычыліся куплі розных лодак. Акрамя таго, вялікае абурэнне ў грамадстве выклікае той факт, што ўся праграма падтрымкі не ўлічвае фінансавага становішча прадпрымальнікаў, якія падаюць заяўкі на гранты KPO.
Турэцкія ўлады хочуць адмяніць у гатэлях шведскі стол
У Турцыі распрацоўваюць новы законапраект, накіраваны на скарачэнне харчовых адходаў у краіне. Пра гэта піша выданне «Беларусы і рынак».
Штогод у Турцыі выкідваецца каля 23 млн. тон прадуктаў. Прыкладна 35% усёй садавіны і гародніны ў гатэлях застаюцца і потым выкідваюцца. Усё гэта наносіць вялікую шкоду эканоміцы і пагаршае праблему харчовай інфляцыі. Замест сістэмы all inclusive прапануецца перайсці на фармат “а-ля карт”, пры якім госці заказваюць ежу па меню – роўна ў той колькасці, якое змогуць з’есці. Установам, якія будуць патрабаваць ад наведвальнікаў браць пэўную колькасць ежы, будуць пагражаць штрафы.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц (Нацбанк РБ).






