З пачатку ліпеня ў Польшчы актывізаваліся зламыснікі, якія маскіруюцца пад NFZ. Яны рассылаюць электронныя лісты і SMS, аформленыя з выкарыстаннем афіцыйных лагатыпа і нават стылю паведамленняў дзяржаўнага фонду. У лістах гаворыцца аб нібыта “пераплаце” за медыцынскае страхаванне і прапануецца прайсці па спасылцы, каб “атрымаць грошы назад”.

Усё выглядае прафесійна. Але гэта пастка! Націснуўшы на спасылку, вы можаце перадаць ашуканцам свае персанальныя дадзеныя, банкаўскія рэквізіты і нават страціць доступ да тэлефона ці рахунку. У асаблівай групе рызыцы знаходзяцца іншаземцы, асабліва тыя, якія нядаўна прыехалі ў Польшчу, піша выданне «Беларусы і рынак».
Wargaming прыпыніў працу офіса ў Кіеве
Сузаснавальнікі Wargaming Віктар Кіслы і Мікалай Кацалапаў прыпынілі дзейнасць даччынай кампаніі ва Украіне. Прычыны не ўдакладняюцца, піша Devby.io. Юрыдычная асоба, якая кіруе цэнтрам распрацоўкі ў Кіеве, знаходзіцца «ў стане спынення».
Пасля пачатку вайны ва Украіне Wargaming падзяліў бізнес на расейска-беларускі («Леста гульні») і міжнародны сегменты, а таксама запускаў розныя праекты ў падтрымку жыхароў Украіны і вайскоўцаў. Гэта стала падставай для прызнання ўладальніка «Лесты» Маліка Хатажаева і Віктара Кіслага «экстрэмісцкім аб’яднаннем» у Расеі і перадачы кампаніі пад кантроль дзяржавы. Пазней у Беларусі была распачатая спецвытворчасць супраць Кацалапава, якога ўлады залічылі да «экстрэмістаў» у канцы 2022 года.
«Лабіравала імпарт лекаў на мільёны рублёў»
У Беларусі раскрылі буйную злачынную схему закупкі лекавых сродкаў. Як паведамілі ў прэс-службе МУС, супрацоўніца Міністэрства аховы здароўя атрымлівала хабары за лабіраванне паставак імпартных медпрэпаратаў на мільёны рублёў.
Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя разам з саўдзельнікамі забяспечвала замежнай кампаніі магчымасць пастаўкі ў Беларусь розных лекаў на працягу некалькіх гадоў. За лабіраванне інтарэсаў яна прымала ў падзяку грошы, дарагія падарункі, сямейныя туры за мяжу і наведванне забаўляльных устаноў. Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі супрацоўніцу з доказамі злачынства. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за атрыманне хабару ў буйным памеры. Фігурантку адправілі ў СІЗА.
Авіякампанія Emirates пачне прадаваць білеты за біткоіны
Авіякампанія з ААЭ Emirates папярэдне дамовілася з крыптабіржай Crypto.com аб продажы білетаў за крыптавалюту. Пра гэта паведаміў у сацсетках кіраўнік авіякампаніі. Пагадненне павінна набыць моц у 2026 годзе. Мемарандум аб супрацоўніцтве таксама падпісала кампанія Dubai Duty Free. Усе разам яны маюць намер укараняць “лічбавыя плацежныя сродкі для падарожнікаў”.
У авіякампаніі адзначылі, што карыстацца крыптовалютай можна будзе на кожным этапе – “ад браніравання да рознічных пакупак”. Аб планах Emirates прадаваць білеты за біткоіны стала вядома яшчэ тры гады таму, прыгадвае Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: belmarket.by.






