Савет міністраў зацвердзіў Праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады. Да 1 сакавіка Берасцейскі і Гомельскі аблвыканкамы павінны вызначыць “дарожныя карты” для раёнаў, уключаных у праграму, якая ахопіць Ганцавіцкі, Лунінецкі, Столінскі, Пінскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі і Петрыкаўскі раёны. Праграма накіравана на рост дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва, фарміраванне доўгатэрміновай асновы ўстойлівага росту эканомікі, адзначаецца ў дакуменце.

У рамках праграмы прадугледжваецца рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, у тым ліку па стварэнню новых вытворчасцей з глыбокай перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Насельніцтва збіраюцца далучаць да культурнага жыцця і павышаць даступнасць паслуг культуры. Прадугледжваецца развіццё жыллёвага будаўніцтва і так далей. На праграму вылучаць больш за 6,8 мільярда рублёў. (паводле reform.news)
На Беларускай АЭС уключылі адзін энергаблок
На Беларускай АЭС уключылі другі энергаблок, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал электрастанцыі. Гаворыцца, што на гэтым энергаблоку завяршыўся комплекс работ па дыягностыцы датчыкаў сістэм забеспячэння. Пра тое, што на БелАЭС адключаныя абодва энергаблокі стала вядома ў сярэдзіне снежня. Перад тым анансавалі планавы рамонт першага энергаблока. Толькі пасля публікацый у СМІ кіраўніцтва АЭС было вымушанае прызнаць, што другі энергаблок таксама адключаны. Прычынай назвалі “спрацоўванне аднаго з датчыкаў”. Дата адключэння не называлася.
Неафіцыйныя крыніцы сцвярджалі, што другі энергаблок адключаны праз парушэнне герметычнасці першага контуру. (euroradio.fm)
Сярэдні заробак вырас на 360 рублёў
Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў снежні склаў 2693,9 рубля, паведаміў Белстат. Ён вырас у параўнанні з лістападам мінулага года больш чым на 360 рублёў. Але ў снежні заробак заўсёды значна вышэйшы, чым у папярэднія месяцы за кошт выплат у канцы года. Калі браць «чыстымі», то сярэдні заробак складае 2316,7 рубля.
Больш за палову апытаных палякаў плануюць зімовы адпачынак
54 працэнты палякаў плануюць адпачынак зімой, большасць з іх – у краіне, пра гэта сведчаць дадзеныя Польскай турыстычнай арганізацыі. Замежныя паездкі бярэ пад увагу толькі 10 працэнтаў апытаных.
Ёанна Вэнглярчык з Польскай турыстычнай арганізацыі кажа, што сёлета палякі плануюць выдаткаваць на зімовыя канікулы да 3 000 злотых на чалавека:
– Калі гаворка ідзе пра кошт, то несумненна больш танны адпачынак у краіне. Сярод нашых рэспандэнтаў большасць плануе выдаткаваць на яго ад 1,5 да 3 тысяч злотых на асобу, то бок 353 да 706 еўра на асобу.
Зімой палякі найбольш ахвотна адпачываць у гарах.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: uk.m.wikipedia.org