Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расеі прыняў у Маскве бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2024 год. Ён з’яўляецца прафіцытным. Даходы маюць скласці прыкладна 78 мільёнаў даляраў у эквіваленце, выдаткі — амаль 64 мільёны даляраў. Сам бюджэт зацверджаны ў расейскіх рублях. Больш за палову даходаў будзе фарміравацца за кошт адлічэнняў з расейскага бюджэту, адлічэнні беларускага боку маюць скласці каля 24 мільёнаў даляраў.

Што датычыцца расходнай часткі бюджэту, то сродкі плануецца накіраваць на фінансаванне пяці праграм і 37 мерапрыемстваў. Гаворка ідзе пра ўдасканаленне вайсковай інфраструктуры, развіццё пагранічнай бяспекі і так далей. Агульны памер бюджэту Саюзнай дзяржавы ў параўнанні з мінулым годам вырас на 38 працэнтаў, заўважае “Позірк”. Цяпер бюджэт мае зацвердзіць Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы.
Сумы на выплату пенсій тым, хто з’ехаў за мяжу, хочуць павялічыць
У 2024 годзе чыноўнікі хочуць павялічыць агульную суму на выплаты пенсій беларусам, якія з’ехалі за мяжу, ды іншаземцам, якія жывуць у Беларусі. Гэта вынікае з праекту бюджэту Фонду сацабароны насельніцтва на наступны год. Дакумент ужо зацвердзілі парламент і Савет Рэспублікі.
У Беларусі заключаны пенсійныя пагадненні з некаторымі краінамі. У іх ліку Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Чэхія, дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза (Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расея). З Украінай такое пагадненне разарвалі. Гэтыя дамоўленасці мяркуюць, што пры назначэнні пенсіі можа залічвацца працоўны стаж, які быў атрыманы на тэрыторыі адной з краін. Таксама прадугледжаны перанос пенсіі ў іншую краіну. На наступны год на такія мэты плануюць вылучыць амаль 238 мільёнаў рублёў, сёлета было 202 мільёны, два гады таму – 159 мільёнаў рублёў, піша “Зеркало”.
Выйшаў новы ТОП-100 паспяховых бізнесменаў Беларусі
Выданне “Беларусы і рынак” прадставіла сотню паспяховых бізнесменаў, і ў гэтым рэйтынгу змяніўся лідар. На першым радку аказаўся Аляксандр Луцэнка – старшыня савета дырэктараў групы кампаній “Садружнасць”, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Расеі. Яго кампанія займаецца пастаўкамі алейных культур і вытворчасцю з іх кармавых прадуктаў, інвестуе ў праект тэрмінала пад Санкт-Пецярбургам.
Раней на першым радку быў выканаўчы дырэктар Wargaming Group Віктар Кіслы, які змясціўся на другі радок. Гэты бізнесмен, які стварыў гульнявую імперыю World of Tanks, жыве на Кіпры. У Беларусі яго юрыдычная асоба належыць з мінулага года расейцам.
І трэцяе месца заняў былы дырэктар “Інтэрсэрвіса” Мікалай Варабей. З 2021 года яго бізнес знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі. Бізнесмен жыве ў Беларусі, хоць афіцыйна страціў статус уласніка большасці сваіх актываў, якія працуюць у паліўнай і лагістычнай сферах.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.






