BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пустуючыя дамы будуць прадаваць на аўкцыёнах са значнай зніжкай

Сельскагаспадарчым арганізацыям дазволілі прадаваць пустуючыя жылыя дамы на аўкцыёнах са значнай зніжкай, а калі пакупнікоў не знойдзецца — аддаваць іх усяго за адну базавую велічыню. Гэта прадугледжана ўказам №392 «Аб удасканаленні парадку продажу сельскагаспадарчымі арганізацыямі жылых памяшканняў», які сёння, 10 лістапада, падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Фота: Вадзім Манько.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, дакумент накіраваны на актывізацыю выкарыстання пустуючых і незаселеных дамоў, што знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай.

Паводле новага парадку, уладальнікі пустога жылля змогуць паніжаць яго пачатковы кошт на 50% пры правядзенні паўторных таргоў і на 80% — пры наступных. Цяпер жа цана зніжаецца толькі на 10% на кожных наступных таргах.

Калі нават пасля зніжэння на 80% жылое памяшканне не будзе прададзена, яго дазволяць рэалізаваць за адну базавую велічыню.

Канкрэтны памер зніжэння пачатковай цаны і магчымасць продажу дамоў за адну базавую будуць вызначацца са згоды мясцовых выканкамаў.

Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.