У Рагачове жыхары, незадаволеныя суседствам двух асфальтабетонных заводаў, якія належаць мясцовым дарожным прадпрыемствам, папрасілі ўлады пра перанос прадпрыемстваў. Як піша “Флагшток”, людзі заяўляюць, што прамысловыя выкіды забруджваюць навакольнае асяроддзе і негатыўна адбіваюцца на здароўі, пагаршаючы якасць іх жыцця. Таксама яны звяртаюць увагу на непрыемны пах бітуму. Разбірацца ў сітуацыі ў Рагачоў прыехалі два прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў, якія па выніку заявілі, што “перанос заводаў за рысу горада не ўяўляецца магчымым і немэтазгодны”.
У артыкуле рагачоўскай раёнкі гаворыцца, што “санітарна-ахоўная зона паміж жылым сектарам і заводамі — крыху менш за 500 метраў, але гэта ніяк не ўплывае на сітуацыю”, а ступень “непрыемных пахаў бітуму немагчыма ацаніць лабараторнымі метадамі”. Але па законе ўзводзіць такія заводы бліжэй за 500 метраў да жылой забудовы цалкам забаронена.
Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё
Працэнтныя стаўкі па крэдытах на жыллё выраслі адразу ў некалькіх беларускіх банках. Так, у Беларусбанку крэдыт на пакупку гатовага жылля «Іпатэка Экспрэс» будуць выдаваць пад 17% замест 16%. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку як тыя, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаўка ранейшая — 12,5%.
У Белінвестбанку таксама паднялі стаўкі. Крэдыт на пакупку і будаўніцтва нерухомасці на агульных падставах цяпер 17,71% (было 15,99%).
Кошт жылля ў Польшчы працягвае расці
У Польшчы цэны на кватэры з кожным годам павялічваюцца, хоць у некаторых гарадах яны пачалі стабілізавацца. Паводле справаздачы парталу Extradom.pl, у першым квартале гэтага года за аднолькавую суму грошай можна было набыць кватэру на 11 метраў меншую, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У Варшаве за квадратны метр трэба заплаціць у сярэднім 18 тысяч злотых (прыблізна 4 тыс. 180 еўра). У Кракаве таксама дорага.
Агулам у першым паўгоддзі ў васьмі найбуйнейшых гарадах Польшчы цэны на кватэры выраслі прыкладна на 20 працэнтаў год да года.
Аналітыкі ЕАБР спрагназавалі, якім будзе курс даляра ў Беларусі
Сярэднегадавы курс беларускага рубля да даляра ў 2025 годзе будзе складаць каля 3,38. Такім прагнозам падзяліліся аналітыкі Еўразійскага банка развіцця, піша Office Life.
Раней улады Беларусі анансавалі, што сярэдні курс даляра ў 2025 годзе чакаюць на ўзроўні 3,35-3,37 рублі. З такога разліку фарміруецца бюджэт краіны на наступны год.
Беларускае Радыё Рацыя