Рапсавы алей упершыню за 20 гадоў стаў галоўным экспартным харчовым прадуктам Беларусі. Паводле звестак Арганізацыі аб’яднаных народаў па справах харчавання і сельскай гаспадаркі (FAO), у амаль 35-гадовай гісторыі незалежнай Беларусі лідарамі па гадавым экспарце ў грашовым вымярэнні аказаліся шэсць прадуктаў, піша выданне «Беларусы і рынак».

Так, у 1992-1994 гадах гэта была ялавічына. Пазней – масла з малака каровы, а вось у 1996 годзе – спірт. З 1997 па 2005 год настаў час цукру, які тады актыўна завозілі на расейскі рынак, а пасля прыйшоў час на сыр, які заставаўся галоўных прадуктам беларускага харчовага сектару на знешнім рынку з 2006 па 2023 гады.
У выніку рэйтынг самых хадавых на сусветным рынку беларускіх харчоў у 2023 годзе узначаліў рапсавы алей. Аб“ём экспарту склаў 460 мільёнаў даляраў, што дае Беларусі сёмае месца ў свеце пасля Канады, Германіі, Расеі, Францыі, Нідэрландаў і Бельгіі. Дадзеных за мінулы год яшчэ не было.
На Гомельшчыне знайшлі шматлікія парушэнні ў крамах
Завышэнне рознічных цэн і надбавак на гародніну і яблыкі, адсутнасць дакументаў аб якасці і бяспецы прадукцыі, а таксама адсутнасць цэннікаў, парушэнні санітарных нормаў. Гэта асноўны парушэнні, якія выявілі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю ў 18-ці крамах Гомельскай вобласці.
Адзначаліся і факты продажу прадуктаў харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Да прыкладу, у адной сеткавай краме знайшлі 12 кілаграмаў пірожных, мясных паўфабрыкатаў, хлебу і сыру, тэрмін прыдатнасці якіх скончыўся два дні таму. У двух крамах гандлёвыя надбаўкі на яблыкі і моркву былі завышаны ў два разы, а на бульбу, цыбулю і таматы – да 11%. У дачыненні да парушальнікаў пачатыя адміністрацыйныя працэсы.
Самазанятым беларусам хочуць забараніць працаваць праз Zoom
Самазанятых у Беларусі хочуць сур’ёзна абмежаваць у працы. Адпаведны законапраект вынесла на грамадскае абмеркаванне Міністэрства адукацыі краіны, піша devby.io. Новаўвядзенні сярод іншага могуць закрануць рэпетытараў і тых, хто навучае працы на персанальным камп’ютары. Навучаць працы на ПК, а таксама выяўленчаму мастацтву, музыцы, танцам, вакалу і прамоўніцкаму мастацтву, можна будзе толькі паўналетніх асоб. Прычым альбо індывідуальна, альбо ў групах не больш за 4 чалавекі.
Пры аказанні такіх паслуг аддалена павінны будуць выкарыстоўвацца інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента інтэрнэту, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. Гэта значыць, працаваць праз Zoom і іншыя «небеларускія» рэсурсы будзе нельга.
Знізілася колькасць беларусаў, зарэгістраваных у польскім ZUS
Польскае ўпраўленне сацыяльнага страхавання ( ZUS) апублікавала звесткі пра застрахаваных іншаземцаў па стане на люты бягучага года. У польскай сістэме сацстрахавання налічвалася на канец лютага 133 176 грамадзян Беларусі. У параўнанні з лістападам мінулага года колькасць нашых суайчыннікаў знізілася на 2,5 тысячы чалавек.
Найбольш шматлікай групай іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы, з’яўляюцца грамадзяне Украіны. У ZUS іх было зарэгістравана амаль 782 тысячы чалавек. Беларусы знаходзяцца на другім месцы. Трэцяе – у грамадзян Грузіі – амаль 24,5 тысячы чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: freepik.com






